Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі сачэньне за людзьмі праз мабільнікі стала незаконным


Канстытуцыйны суд Чэхіі прызнаў незаконным захаваньне тэлефоннымі кампаніямі і інтэрнэт-правайдэрамі дадзеных аб іх карыстальніках. Раней інтэрнэт-правайдэры павінны былі захоўваць дадзеныя аб службах, ужытых карыстальнікам, і яго лякалізацыі, і перадаваць гэтыя зьвесткі на афіцыйны запыт паліцыі ці спэцслужбаў.

Скарга на спрэчны закон была пададзеная 51-м дэпутатам парлямэнту. Паводле гэтага закону, апэратары кампаній тэлефоннай сувязі павінны былі на працягу 6 месяцаў захоўваць дадзеныя аб тэлефонных званках, SMS-паведамленьнях, факсах, паведамленьнях электроннай пошты, наведваньняў вэб-сайтаў і выкарыстаньні некаторых інтэрнэт-паслуг. Пры гэтым зьмест паведамленьняў не захоўваўся, але дадзеныя, якія захоўваліся, дазвалялі вызначыць, хто, з кім і калі меў кантакт.

Элішка Вагнерава
Вось што ўдакладняе намесьніца старшыні Канстытуцыйнага суду Чэхіі Элішка Вагнерава:

“З адпаведных дадзеных можна з дакладнасьцю 90 працэнтаў, напрыклад, даведацца, зь кім, як часта, у які час пэўная асоба сустракаецца, хто яе найбліжэйшыя знаёмыя, сябры, калегі з працы, або чым і ў які час займаецца.”

Суд пагадзіўся з меркаваньнем, што падобная норма зьяўляецца несувымерным умяшаньнем у прыватнае жыцьцё людзей, пры тым падобная практыка ня мае пэўных абмежаваньняў і не абароненая ад магчымасьці злоўжываньняў. Захаваньне дадзеных, паводле чэскага Канстытуцыйнага суду, датычыць «вялікай і непрадказальнай колькасьці людзей. Таму на прымяненьне нормаў закону неабходныя як мага больш жорсткія крытэры. Ранейшы варыянт закону, паводле суду, рабіў магчымым масіраванае ўмяшаньне ў базавыя правы, што не адпавядае нормам прававой дзяржавы.

Гаворыць адзін з ініцыятараў запыту ў Канстытуцыйны суд дэпутат Марэк Бэнда:

«Галоўнай праблемай зьяўляецца тое, што захоўваецца страшна шмат дадзеных невядома зь якой прычыны, і ў гэтыя дадзеныя можа ўлезьці проста кожны».

Першапачаткова палажэньне было прынятае ў мэтах барацьбы з тэрарызмам. Аднак у Чэхіі паліцыя стала выкарыстоўваць базы дадзеных пра абанэнтаў мабільнай сувязі нават пры расьсьледаваньні звычайных справаў і пасылаць запыты апэратарам амаль аўтаматычна. Паводле Чэскага тэлеграфнага агенцтва (ЧTK) толькі летась мабільныя апэратары мусілі перадаць паліцыі зьвесткі адносна 87 000 выпадкаў і колькасьць такіх выпадкаў расла. Раней падобную практыку прызнаў незаконнай Канстытуцыйны суд Нямеччыны.

Прадстаўнік адной з буйнейшых чэскіх тэлекамунікацыйных кампаній O2 заявіў, што фірма будзе паважаць закон у новай рэдакцыі, і тым самым зэканоміць фінансавыя сродкі, час і месца ў базе дадзеных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG