Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ апісаў маёмасьць журналіста Андрэя Пачобута


Цягам гадзіны ў Горадні ў кватэры, дзе жыве зь сям’ёю журналіст "Газэты Выборчай" Андрэй Пачобут, трое супрацоўнікаў КДБ апісалі яго маёмасьць.

У дачыненьні да Андрэя Пачобута была распачата крымінальная справа паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэксу аб абразе прэзыдэнта Беалрусі. Справу ўзбудзіў пракурор Гарадзенскай вобласьці Віктар Марозаў на падставе васьмі артыкулаў у "Газэце Выборчай" і па адным — на сайце "Беларускі партызан" і ў прыватным блогу журналіста.

Супрацоўнікі КДБ паказалі Андрэю Пачобуту пастанову сьледчага абласной пракуратуры аб арышце ягонай маёмасьці. Што было далей — расказвае сам журналіст:

"Яны прайшлі па кватэры, выбралі найбольш каштоўныя, на іхні погляд, рэчы. Забралі кампутар як "прыладу злачынства", улічваючы тое, што я падазраюся ў тым, што ў інтэрнэце зьняважыў прэзыдэнта, а гэта было зьдзейсьнена з дапамогай кампутара, таму яго забралі, як мне патлумачылі. На пральную машыну, тэлевізар і трэнажор наклалі арышт".

Супрацоўнікі КДБ патлумачылі, што ў пацярпелага А.Лукашэнкі ёсьць правы, кажа Андрэй Пачобут:
магчыма, гэтыя рэчы будуць прададзеныя, каб Аляксандру Рыгоравічу нейкую маральную шкоду кампэнсаваць ...

"Адным зь якіх зьяўляецца права на кампэнсацыю маральнай шкоды, якая яму была мною нанесена. А маральная шкода ў нас выплочваецца, і таму, магчыма, гэтыя рэчы будуць прададзеныя, каб Аляксандру Рыгоравічу нейкую маральную шкоду кампэнсаваць. Цікава, што гэта праводзіў КДБ, гэта нязвыкла, што КДБ прыходзіць забіраць рэчы па такой пастанове. Але мне патлумачылі, што сьледчы менавіта ім даручыў гэта, ну, яны прыйшлі і забралі".

Павал Мажэйка — былы журналіст гарадзенскай газэты "Пагоня", закрытай уладамі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Разам з галоўным рэдактарам Міколам Маркевічам у 2002 годзе іх пакаралі абмежаваньнем волі нібыта за паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта РБ з абвінавачваньнем яго ў зьдзяйсьненьні асабліва цяжкіх злачынстваў.

Меркаваньне Паўла Мажэйкі наконт крымінальнай справы супраць Пачобута:

Павал Мажэйка
"Чарговы этап "лукашэнкаўска-польскай вайны", спроба адным разам вырашыць пытаньне зь нефармальным лідэрам польскай меншасьці ў Беларусі і своеасаблівым лідэрам журналісцкай супольнасьці на Гарадзеншчыне. Але мне падаецца, што аб Пачобута лукашысты зламаюць сабе зубы. Гэта чалавек, "які мае біяграфію", які неаднаразова быў перасьледаваны, хадзіў пад крымінальнай справай, вытрымаў гэта абсалютна годна і з гонарам".

За “абразу” кіраўніка краіны былі асуджаныя журналісты Мікола Маркевіч, Павел Мажэйка, Віктар Івашкевіч, палітык Андрэй Клімаў, прадпрымальнікі Валер Леванеўскі і Аляксандр Васільеў, праваабаронца Кацярына Садоўская.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG