Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі ў рэгіёнах: у адных — сьвята, у другіх — гістэрыка


Сёньня ў Беларусі адзначаюць Дзень Волі — 93-ю гадавіну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Спробы адсьвяткаваць гэту дату ў многіх рэгіёнах сутыкнуліся з жорсткім супрацівам уладаў.






МАГІЛЁЎ


Журналіст Алесь Асіпцоў атрымаў перадачу з волі

25 сакавіка вязень Магілёўскага ізалятара часовага ўтрыманьня, незалежны журналіст Алесь Асіпцоў атрымаў перадачу з волі. Па словах праваабаронцы Барыса Бухеля, родныя й сябры Асіпцова такім чынам вырашылі павіншаваць яго з Днём Волі і падтрымаць маральна. Барыс Бухель паведаміў:

«Сабралі цёплыя рэчы, паперу, газэты, асадкі, а таксама юрыдычную інструкцыю пра адукаваныя паводзіны ў ІЧУ. Нам стала вядома, што Алесь быў затрыманы ля свайго дома. Ён выйшаў з пад’езду, каб ісьці на камісію па справах непаўналетніх, дзе разглядалі справу дачкі Натальлі Шкадун. Камісія пачынала працу ў 14:10. А мы дамовіліся сустрэцца ў 14. Прыйшлі, а Алеся няма, не адказваў і яго мабільны тэлефон. Пазьней высьветлілася, што Асіпцова затрымалі міліцыянты. Відавочна, што яны сачылі за Алесем».

24 сакавіка суд Ленінскага раёну Магілёва пакараў Алеся Асіпцова арыштам на трое сутак — нібыта за дробнае хуліганства. Як кажа магілёўскі актывіст Партыі БНФ Зьміцер Салаўёў, журналіста ізалявалі, каб не асьвятляў, як у Магілёве адзначаюць Дзень Волі. 25 сакавіка магілёўскія актывісты ўсклалі кветкі да мэмарыяльнай дошкі пра абвяшчэньне ў Магілёве ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі:

«Цяпер у гэтым будынку месьціцца краязнаўчы музэй. Яшчэ адбудзецца сьвяточнае паседжаньне творчага грамадзянскага аб’яднаньня «Кола», — паведаміў Зьміцер Салаўёў з Магілёва.

ВІЦЕБШЧЫНА


Актывістам Віцебшчыны перашкаджаюць сьвяткаваць

Да кіраўніка віцебскай філіі «Моладзі БНФ» Аляксандра Кузьняцова прыйшоў супрацоўнік Першамайскага РАУС маёр Старадуб і сказаў, што хлопец мусіць паехаць зь ім, каб здаць адбіткі пальцаў. А заадно, паводле міліцыянта, з актывістам будзе праведзена прафіляктычная гутарка.

Хлопец адмовіўся ісьці ў пастарунак бяз позвы. Тады міліцыянт правёў «прафіляктыку на даму»: сказаў, каб актывіст ня ўдзельнічаў сёньня ні ў якіх акцыях, бо «інакш адбіткі пальцаў возьмуць у іншым месцы».

З учорашняга дня супрацоўнікі міліцыі дзяжураць каля хаты гарадоцкага актывіста кампаніі «Гавары праўду» Леаніда Аўтухова:

«Сядзіць супрацоўнік міліцыі ў машыне. Я толькі выйшаў, пайшоў газэту набыць, «Нашу ніву», а ў мяне пытаюцца: «Куды вы ідзяце? Ці вы ехаць куды зьбіраецеся?» Кажу: «Абавязкова паеду!». «Дык а можа ня трэба, — кажа. — Раптам там будуць ізноў вокны біць і дзьверы ламаць?» — «Гэта ж, — кажу, — ня мы, а „лукашысты“ ламалі…»
Я толькі выйшаў, пайшоў газэту набыць, «Нашу ніву», а ў мяне пытаюцца: «Куды вы ідзяце? Ці вы ехаць куды зьбіраецеся?».

Леанід Аўтухоў меў намер прыехаць у Віцебск на ўскладаньне кветак да мэмарыяльнай дошкі ў гонар Васіля Быкава і да помніка Ўладзімеру Караткевічу, якое адбудзецца ўвечары.

Удзень у абласным цэнтры ўжо таксама прайшлі некалькі акцыяў да Дня Волі.

Актывісты кампаніі «Гавары праўду» адправілі сёньня віншавальныя лісты зьняволеным пасьля менскіх падзеяў 19 сьнежня. Паводле віцебскай каардынатаркі кампаніі Лідзіі Сагідулінай, Уладзімер Някляеў, Аляксандар Фядута, Сяргей Вазьняк ды іншыя палітвязьні атрымаюць некалькі дзясяткаў віншаваньняў зь Віцебску, Воршы і Полацку.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Дазвол на пікеты — ануляваць, сьвята — забараніць

Заплянаваныя на 25-га пікеты ў Берасьці былі адмененыя чыноўнікамі напярэдадні. Аднак мясцовыя актывісты праводзяць традыцыйныя акцыі.

У Пінску сябры КХП БНФ традыцыйна 25 сакавіка наведваюць магілу былога кіраўніка ўраду БНР Рамана Скірмунта. Паводле сябра партыі Яўгена Шатохіна, гэтая традыцыя існуе каторы год:

«Пасьля таго, як у Пінску стала немагчыма праводзіць пікеты з гэтай нагоды, мы зьбіраемся каля магілы Рамана Скірмунта, прыводзім яе ў парадак. Менавіта тут сьвята і адзначаецца, адбываецца невялікі імправізаваны мітынг, гучаць прамовы. Грамада Пінску памятае пра гэты дзень і ахвотна зьбіраецца».

У Баранавічах сябры Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны павіншавалі гараджан са сьвятам незалежнасьці празь мясцовую газэту «Інтэкс-Прэс». Паводле словаў старшыні баранавіцкай рады ТБМ Віктара Сырыцы, прайшлі і сьвяточныя мерапрыемствы:

«Мы ўсклалі кветкі каля крыжа, які ўсталяваны ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Крыж таксама некалькі гадоў таму быў усталяваны намі ў сквэры на скрыжаваньні вуліц Берагова і Смаленскай. Паедзем на могілкі і ўскладзем кветкі на магіле тых, хто змагаўся за незалежнасьць Беларусі. Гэта найперш Аркадзь Блінкоўскі, Усевалад Кароль, Пятро Рашэтнікаў. Вечарам будзем адзначаць гэтую падзею ў коле сяброў».

Каб не пусьціць апазыцыю на дазволены для акцый стадыён, ля яго варотаў выкапалі яму…

У Берасьці чыноўнікі адклікалі ранейшы дазвол праводзіць пікеты на стадыёне «Лякаматыў». Паводле кіраўніка абласной партыі БСДПГ Ігара Маслоўскага, улады наўмысна не далі правесьці пікет, насамрэч жа перашкод для правядзеньня акцыі няма:

«Галоўныя вароты стадыёну зачыненыя. Перад варотамі выкапана яма, ля якой стаіць тэхніка. На самім жа стадыёне будаўнічых працаў не вядзецца. Але ж мы меркавалі правесьці пікет не каля ўваходу, а на самім стадыёне».

Берасьцейская гарадзкая арганізацыя партыі БНФ павіншавала берасьцейцаў з Днём Волі. Віктар Клімус, старшыня рады гарадзкой арганізацыі, кажа, што сябры партыі ў пятніцу наведалі Трышынскія могілкі, дзе ўшанавалі памяць ахвяраў рэпрэсій:

«Цягам дня мы будзе віншаваць гараджан са сьвятам. Сёньня раніцай на аўтарынку мы раздавалі паштоўкі і бел-чырвона-белыя стужачкі. Пазьней перамясьціліся ў цэнтар гораду, дзе працягнем віншаваць берасьцейцаў і нагадваць пра сёньняшняе сьвята».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Сёньня ў Навабеліцкім раёне Гомеля грамадзкія актывісты ўсклалі кветкі да месца, дзе стаяў дом гомельскай настаўніцы, міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Палуты Бадуновай.

Як апавёў старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, апошнія гады гэта ўжо стала традыцыяй — ушаноўваць такім чынам памяць выбітнай дзяячкі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Гомельскія грамадзкія актывісты выступілі з ініцыятывай перайменаваць цяперашнюю вуліцу Георгія Дзімітрава ў гонар Палуты Бадуновай. Аднак гарвыканкам адхіліў прапанову на той падставе, што вуліца носіць імя «аднаго са славутых лідэраў міжнароднага антыфашысцкага камуністычнага руху, і перайменаваньне вуліцы выкліча нэгатыўную рэакцыю значнай часткі жыхароў гораду, у першую чаргу прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня».

Не пагадзіўся гарвыканкам і ўсталяваць мэмарыяльную шыльду ў гонар славутай зямлячкі, матывуючы тым, што дом не захаваўся.

Таксама ў Гомелі сёньня адбудзецца вечарына, прысьвечаная 93-м угодкам БНР. На ёй выступяць беларускамоўныя гомельскія барды.

МЕНШЧЫНА


«Магчыма, што і наш Слуцак яшчэ раз калі абудзіцца»

Незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі найбольш мужна абаранялі ўвосень 1920-га на тэрыторыі цяперашніх Слуцкага й Капыльскага раёнаў. Больш як 90 гадоў таму адбыўся Першы Беларускі Зьезд Случчыны. Зьезд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу БНР у Слуцку і навакольлі, і выказаў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі. Тады ж на Случчыне былі створаны аддзелы самаабароны, якія вялі ўзброеную барацьбу з войскамі бальшавікоў.

Ці захаваліся патрыятычныя традыцыі да сёньня? Ці сьвяткуюць у Слуцку Дзень Волі? Вось што паведаміла «Свабодзе» пра гэта актывістка апазыцыі Зінаіда Цімошчык:
Няма цяпер у Слуцку моцнай палітычнай супольнасьці, каб шырока адзначаць гэтае сьвята.
«Няма цяпер у Слуцку моцнай палітычнай супольнасьці, каб шырока адзначаць гэтае сьвята. Палітычныя партыі ніколі не зьвярталі ўвагу, каб арганізаваць у Слуцку грунтоўную працу.Цяпер у Слуцку зусім іншая сытуацыя, чым у 1920-я. Тады тут шмат было вайскоўцаў, ішла грамадзянская вайна…Магчыма, і Слуцак калі-небудзь абудзіцца…»

Актывіста з Капыля папярэдзіла міліцыя

Сябру БХД з Капыля Віктару Дашкевічу ўчастковы міліцыянт загадаў 25-га зьявіцца ў тамтэйшы РАУС. Актывіст лічыць гэта немагчымым. Чаму? Тлумачыць Віктар Дашкевіч:

«Знарок прызначылі на 15 гадзіну, каб, як гаворыцца, зламаць увесь сьвяточны дзень. Я заявіў, што ў такі час не пайду. І жонка сказала міліцыянту, што зачыніцца і нікога ў хату ня пусьціць. Маўляў, мужа няма, а куды паехаў — невядома».

Таксама спадар Віктар тлумачыць, што ў Капылі цяпер зьяўляюцца новыя прыхільнікі апазыцыі:

«Вось я сёньня ішоў з крамы, і малавядомы мне чалавек павітаўся ды павіншаваў са сьвятам:

«Раней мы бачыліся зь ім, калі на Капыльшчыну прыяжджаў Павал Севярынец на сустрэчу перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Вось паспрабую зь ім што-небудзь падрыхтаваць да чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС».

За апазыцыянэрам зь Вілейкі сочаць у Маладэчне

Намесьнік старшыні АГП Уладзімер Малярчук стала жыве ў Вілейцы, але цяпер вымушаны зьвяртацца па абарону сваіх грамадзянскіх правоў да пракурора гораду Маладэчна. Заяўнік тлумачыць:

«Адкуль у КДБ і міліцыі інфармацыя, што ў Маладэчне жыве мой родны брат? Ён і яго жонка часта хварэюць. Я іх наведваю і дапамагаю. І вось зараз гэтых хворых людзей турбуюць, дамагаюцца даведацца пра маю працу ў апазыцыі. У панядзелак зноў буду ў Маладэчне і занясу пракурору скаргу. Нельга ж так рабіць! Гэта ж відавочнае парушэньне маіх грамадзянскіх правоў!».

Уладзімер Малярчук цьвердзіць, што ў рэгіёнах напярэдадні 25-га сакавіка многія актывісты трапілі пад перасьлед. Таму агульны іх настрой — зьехаць на акцыі Дня Волі ў Менск:

«Не хацелася б, як гаворыцца, падстаўляць людзей на месцах — гэта адна прычына. А па-другое, мы мусім заяўляць пра сваю пазыцыю. І таму прымаем рашэньне ўдзельнічаць 25-га ў акцыях апазыцыі ў Менску».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«У нас сёньня сьвяточны настрой...»

На Гарадзеншчыне? нягледзячы на затрыманьні і запалохваньні актывістаў? Дзень Волі ўсё ж адзначылі і пры гэтым мелі добры настрой.

На сёньня атрымаў позву ў міліцыю смаргонскі моладзевы актывіст Уладзімер Шульжыцкі, яго раптоўна выклікалі да сьледчага і нават не напісалі, у якой справе. Але сёньня ён зь іншымі актывістамі партыі БНФ усклаў у гонар сьвята кветкі да помніка Францішку Багушэвічу.

Мясцовы праваабаронца Алесь Дзергачоў кажа, што хоць людзей было і няшмат, але настрой быў даволі ўзьнёслы:
Настрой быў бадзёры, узаемна прывіталіся, хто шапку бел-чырвона-белую апрануў, хто шалік.
«Настрой быў бадзёры, узаемна прывіталіся, хто шапку бел-чырвона-белую апрануў, хто шалік. А яшчэ зьвярнулі ўвагу, што нарэшце на шыльдзе ўлады паправілі памылку: раней было напісана — «Не пакідайце ж нашай мовы беларускай», а зараз выправілі і гучыць, як у клясыка: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай».


У Слоніме міліцыянты ўдзень затрымалі актывіста Барыса Кучынскага. Запатрабавалі прайсьці ў пастарунак для высьвятленьня асобы, нягледзячы на тое, што ён паказаў ім пашпарт. Праўда, пазьней яго адпусьцілі і ён разам зь іншымі актывістамі адзначыў Дзень Волі ўскладаньнем кветак да магілы паўстанцаў 1831–34 гадоў у вёсцы Парэчча.

Кучынскі: «Вось зараз едзем на магілку Міхала Валовіча, ускладзём кветкі, а потым адзначым сьвята. У нашага аднаго сябра сёньня яшчэ і дзень народзінаў».

Традыцыйна ў Сьвіслачы мясцовыя актывісты ўсклалі кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, а таксама наведалі могілкі, дзе пахаваны Віктар Каліноўскі.

Актывіст Юры Глебік: «Усклалі кветкі да помніка Каліноўскаму, а зараз стаім ля помніка Траўгуту і яшчэ пойдзем на могілкі. У нас сьвяточны настрой, сабралося 10 чалавек. Усё нармалёва, пакуль ніхто нас не чапае, ідзём усе вясёлыя».

Гарадзенскія актывісты адзначылі Дзень Волі ўскладаньнем кветак да помніка «На Грунвальд» побач з Каложай, а таксама зладзілі экскурсію па мясьцінах БНР у Горадні.

Сёньня лідзкія актывісты наведалі магілу генэрала Цыпрыяна Кандратовіча ў суседнім Воранаве побач з царквой. Яны ўсклалі кветкі. Царскі генэрал, які далучыўся да беларускага руху, заставаўся менш вядомы за іншых дзеячаў, кажа Станіслаў Суднік зь Ліды, чыімі стараньнямі была знойдзена магіла вайсковага дзеяча БНР.

Суднік: «Фактычна заўсёды кажуць, што ўсякімі вайсковымі місіямі кіраваў Езавітаў. На самой справе Езавітаў быў памочнікам у Кандратовіча. Езавітаў быў рэвалюцыйным дэмакратам, а Кандратовіч усё-ткі генэрал, ён адносіўся да правых, яму бліжэй былі Скірмунт, Вайніловіч, князь Радзівіл. Гэта былі вельмі сур’ёзныя людзі, яны таксама дбалі пра незалежнасьць Беларусі».

Доўгі час існавала меркаваньне, што генэрал Цыпрыян Кандратовіч паехаў на парыскую мірную канфэрэнцыю ў 1919 годзе ад ураду БНР, і там ягоны сьлед згубіўся. Аднак Станіслаў Суднік падкрэсьлівае, што генэрал вярнуўся дахаты, памёр у маёнтку Пагародна, што цяпер у Воранаўскім раёне, а пахаваны быў у Лідзе, каля царквы побач з цэнтрам гораду. Магіла захавалася дзякуючы ўнуку генэрала Кандратовіча:

«Гэтыя могілкі былі разваленыя, іх спрабавалі зьнесьці. Унук пабаяўся, што магілу могуць зьнішчыць, і ён перанёс спачатку яе на воранаўскія могілкі. А бацюшка, калі разабраўся, хто гэта такі, перанёс магілу на цьвінтар — на царкоўны двор».

Станіслаў Суднік удакладняе: «Там ляжыць аўтэнтычная пліта, якая была пакладзена ў 1932 годзе, аформленая на расейскай мове старым правапісам: генэрал ад інфантэрыі Цыпрыян Кандратовіч, гады жыцьця — 1859–1932. Зьверху — сучасны помнік з партрэтам генэрала, яго ставіў бацюшка. А тое, што ён быў міністрам БНР, канечне, не пазначана. Магу сказаць, што сёньня мы прывезьлі кветкі, але там ужо быў кош са сьвежымі кветкамі, акрамя нас нехта ўсклаў сёньня».

Камэнтар Льва Марголіна


Вядомы палітык Леў Марголін, які ў АГП кіруе рэгіянальнай палітыкай, сёньня заявіў «Свабодзе», што трэба актывізаваць мясцовую апазыцыю праз сумесныя акцыі на менскай плошчы Бангалор, дзе, як правіла, улады дазваляюць правядзеньне палітычных мерапрыемстваў.

«Мая прапанова вельмі простая: калі ва ўмовах запалохваньня грамадзтва існуе пэўны страх, але разам з тым існуюць настроі пратэсту ва ўмовах пагаршэньня эканамічнай сытуацыі, то трэба зыходзіць з таго, што ня месца ўпрыгожвае чалавека. Таму ў цяперашніх умовах трэба выкарыстоўваць плошчу Бангалор. Трэба дамагацца, каб нашы мерапрыемствы былі дазволеныя і людзі маглі спакойна тут зьбірацца і выказвацца праўдзіва. Можа атрымацца, што на першым часе на гэтай плошчы будуць зьбірацца адна ці дзьве тысячы чалавек. Але калі праводзіць рэгулярна, то народу там будзе ўсё больш і больш. А калектыўная думка гэтай плошчы будзе набываць публічнасьць і павагу ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі».

Леў Марголін запэўнівае, што першая масавая акцыя на плошчы Бангалор адбудзецца напярэдадні чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG