У «ПіКу Свабоды» падсумоўваем галоўныя падзеі гэтага тыдня з палітычным аглядальнікам інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім. У нашым эфіры таксама інтэрвію з мэцэнатам, прадстаўніком беларускай дыяспары ў Швайцарыі Алесем Сапегам пра адноўлены помнік Касьцюшку.
Глядзець відэа цалкам
00:00 – Тэмы выпуску
00:46 – Трамп, Зяленскі і рэакцыя Лукашэнкі
02:43 – Да якой вайны рыхтуюць «народнае апалчэньне»?
04:32 – Беларусь пад прыцэлам? «Тэорыя перамогі» NATO
08:25 – Ці стане Беларусь мішэньню для ўдараў?
10:48 – Заява МЗС Беларусі і адліга ў стасунках з Польшчай
13:40 – Перамовы з ЗША: ці ўскочыць Лукашэнка ў мірны працэс?
15:51 – Ці можна дамовіцца з дыктатарам: меркаваньне Эн Эплбаўм
18:31 – Гучныя перастаноўкі ў вайсковым начальстве
22:33 – Адзіны орган апазыцыі: чаму плян Ціханоўскага не спрацуе?
27:03 – Самая небясьпечная падзея тыдня для Беларусі
28:56 – Беларускі валун у Швайцарыі: аднаўленьне помніка Касьцюшку
31:03 – Дэтэктыўная гісторыя перавозкі каменя праз мяжу
33:34 – Чаму важна вяртаць сваіх герояў
Тут фрагмэнт размовы з палітычным аглядальнікам інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім.
— Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра неабходнасьць зьмены ўлады ва Ўкраіне. «Хто будзе прэзыдэнтам ва Ўкраіне, вырашыць украінскі народ. Гэта не пытаньне Трампа», — заявіў Лукашэнка. Чаму Лукашэнка так сказаў, чаго ён асьцерагаецца?
— Ён у гэтым выпадку дэманструе, так бы мовіць, шматвэктарнасьць. З аднаго боку, хоча дагадзіць украінскаму кіраўніцтву, таму робіць такі рэвэранс: маўляў, дарэмна Трамп патрабуе ці раіць Зяленскаму сысьці ў адстаўку. Тут асобны момант: відаць, усё ж такі адкладаецца так званая вялікая ўгода з Трампам, і таму Лукашэнка дазваляе сабе кідаць каменьчыкі ў ягоны гарод. Ну і Трамп жа, напэўна, ня глядзіць гэтыя відэа, якія разьмяшчае Telegram-канал «Пул Першага».
Лукашэнка крыху падгуляў Зяленскаму. А вось калі ён пачаў тлумачыць, чаму Трамп спрабуе камандаваць Украінай, маўляў, таму што Зяленскі загнаў сваю краіну ў вялікую залежнасьць ад Амэрыкі, тут ужо, каму казаць, а не Лукашэнку. Ён сам загнаў Беларусь у страшэнную, шалёную залежнасьць ад Расеі. Менавіта таму і стала магчымай у 2022 годзе поўнамаштабная агрэсія Расеі супраць Украіны.
—Аляксандар Лукашэнка 16 кастрычніка наведваў навучальна-трэнавальныя заняткі аднаго з атрадаў народнага апалчэньня ў Верхнядзьвінскім раёне Віцебскай вобласьці. Лукашэнка сказаў апалчэнцам, што «галоўнае — гэта нават не стральба. Галоўнае — гэта фізычная падрыхтоўка. Вы павінны навучыцца „ухіляцца ад кулі“». Сучасная вайна, якая мы назіраем на тэрыторыі Ўкраіны, гэта высокатэхналягічная вайна, вайна дронаў. Да якой вайны рыхтуе беларусаў Лукашэнка?
— Ёсьць такое выслоўе, што генэралы заўжды рыхтуюцца да мінулай вайны. І галоўнакамандуючы Беларусі, відаць, таксама рыхтуецца да такой клясычнай вайны, у якой, канечне, і тэрытарыяльныя войскі, і апалчэньні нейкую ролю могуць адыграць. Хаця я б гэтай ролі не перабольшваў, таму што любая дывэрсійная група гэтых мужыкоў пакладзе, як куранят. Нейкі склад могуць там ахоўваць, ня самы значны.
У выпадку супольнай расейска-беларускай агрэсіі супраць усходняга флянгу NATO магчымыя ўдары ракетамі вялікай далёкасьці па аб’ектах на тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка згадваў Другую сусьветную вайну і праводзіў паралелі з магчымым нападам NATO. Маўляў, гэтаксама, як гітлераўскія войскі, сюды могуць уварвацца войскі альянсу. Але цяпер вайна высокатэхналягічная. Той жа генэрал Грынкевіч падкрэсьліваў, што NATO ня будзе атакаваць Беларусь ці Расею сухапутнымі войскамі, а ў выпадку канфлікту можа наносіць удары ракетамі. Так што ніякае апалчэньне тут не дапаможа.
— На каго разьлічаныя відэа з навучальнымі заняткамі для апалчэньня, якія паказвае дзяржаўная прапаганда?
— У мяне склалася ўражаньне, што гэта чарговая паказуха, чарговыя пацёмкінскія вёскі, якія паказваюць Лукашэнку. Тут дэманструюць нейкі ўзорна-паказальны атрад апалчэньня. Камандзір гэтага атраду, як высьветлілася, зь Менску, былы спэцназавец з «Алмазу». Гэта ж ня кожны атрад, ня кожны сельсавет можа мець такога камандзіра. Па-другое, гэта паляўнічая гаспадарка, зьвязаная зь бізнэсоўцам, блізкім да Лукашэнкі, Мікалаем Вераб’ём, які ўсіх экіпіраваў. Таму гэта той выпадак, калі паказваюць не тыповы атрад апалчэньня, а ўзорны — каб дагадзіць Лукашэнку. Лукашэнка сам падкрэсьліў, што бізнэсовец Верабей закупіў усю амуніцыю, і сказаў, што гэты досьвед варта было б пашырыць на ўсю краіну. Ёсьць такая небясьпека, мне здаецца, што цяпер з бізнэсоўцаў пачнуць страсаць грошы яшчэ і на амуніцыю для гэтага апалчэньня.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст пра самыя важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Чатыры разы на тыдзень — з панядзелка па чацьвер — дасьведчаныя журналісты і рэдактары Свабоды выбіраюць для вас галоўныя навіны дня і тлумачаць, што яны значаць.
Па пятніцах мы рыхтуем тыднёвы аналітычны выпуск, у якім разам з вартымі даверу экспэртамі разьбіраем працэсы і тэндэнцыі ў палітыцы, эканоміцы, грамадзтве і культуры.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода. Падзеі і камэнтары» (@svaboda-news).
Новы выпуск дасяжны на канале штодня а 1830 менскага часу.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум