У Харкаве, Дніпры, Кіеве, Хмяльніцкім, Роўне і Львове разбурэньні і пацярпелыя ад расейскіх рэактыўных дронаў

Украінскія ратаўнікі працуюць на месцы пацэльваньня расейскіх войскаў у жытомірскай вобласьці, 10 кастрычніка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Украінскія ратаўнікі працуюць на месцы пацэльваньня расейскіх войскаў у жытомірскай вобласьці, 10 кастрычніка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

У ноч на 13 кастрычніка расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 5 балістычнымі ракетамі, 9 ракетамі-дронамі «Бандэроль» і 108 ударнымі бесьпілётнікамі.

Супрацьпаветраныя сілы Ўкраіны зьбілі папярэдне 88 дронаў. Зафіксавалі пацэльваньні на 17 лякацыях і яшчэ ў 7 месцах — наступствы ад падзеньня аскепкаў зьбітых бесьпілётнікаў.

Асноўныя кірункі ўдараў — Харкаў, Дніпро, Кіеў, Хмяльніцкі, Львоў і Роўна.

На Харкаўшчыне загінулі сама меней пяць чалавек

За апошнія 24 гадзіны расейскія войскі няспынна абстрэльвалі Харкаў і яшчэ 16 населеных пунктаў вобласьці. Загінулі пяць чалавек, чатыры зь іх — у абласным цэнтры, дзе расейская ракета ўлучыла ў жылы дом. Пацярпеў 51 чалавек, у тым ліку чацьвёра дзяцей.

Расейскія войскі абстрэльваюць гэты памежны з Расеяй рэгіён кожны дзень з выкарыстаньнем ракет авіяцыйных бомб і дронаў розных тыпаў.

У Дніпры паранены адзін чалавек

У Дніпры расейскія войскі атакавалі шматпавярховыя жылыя дамы, транспартную інфраструктуру і аўтамабілі. Раненьні атрымаў сталы мужчына. Пад сталымі абстрэламі Нікапаль і Сінельнікаўскі раён.

У Кіеве і Львове ўдарылі па жылым сэктары, у Роўна — па ўнівэрсытэце

У Кіеве пацярпеў адзін чалавек. Зьнішчаная трохпавярховае нежылое памяшканьне, загарэўся двухпавярховы жылы дом. Яшчэ адзін пажар пачаўся на прыватнай тэрыторыі.

У Львоўскай вобласьці гарэлі тры жылыя дамы і аўтамабілі. Агонь распаўсюдзіўся на больш за 300 квадратных мэтраў. Інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма.

Улады Ровенскай вобласьці паведамілі, што расейскі рэактыўны дрон пацэліў ва ўнівэрсытэт. Шмат разбурэньняў. Сама меней 14 чалавек пацярпелі, адзін знаходзіцца ў лякарні ў цяжкім стане.

У Хмяльніцкім пашкодзілі лякарню

Паводле ўладаў Хмяльніцкай вобласьці, у выніку дронавай расейскай атакі пацярпела абласная лякарня — павыбівала шыбы, пашкоджаныя памяшканьні і прыпаркаваныя побач аўтамабілі. Чатыры пацыенты атрымалі нязначныя траўмы. Інфармацыі аб загінулых пакуль няма.


​
XS
SM
MD
LG