Як паведамляе Polskie Radio Białystok, на лаве падсудных апынуліся 37- і 27-гадовы грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца ў Польшчы легальна.
Паводле польскай пракуратуры, у 2023–2024 гадах яны цягам шасьці месяцаў займаліся незаконным абаротам псыхатропных сродкаў. Кліентамі наркабізнэсу былі пераважна імігранты з усходу.
37-гадовы абвінавачаны прызнаў віну ў гандлі наркотыкамі, але не ўва ўдзеле ў злачыннай групе. Падчас сьледзтва мужчына расказаў, што шукаў магчымасьць хутка зарабіць грошы і знайшоў у мэсэнджары прапанову працы ў інтэрнэт-краме.
Неўзабаве арганізатары перадалі яму тэлефон, які пакінулі «ў кустах». На гэты тэлефон яму прыходзілі паведамленьні з QR-кодамі для атрыманьня з паштаматаў пасылак з наркотыкамі. Ён сказаў, што ня ведаў асабістых зьвестак адрасатаў, а толькі QR-коды для адпраўленьня.
Беларус атрымліваў узнагароджаньне праз сыстэму хуткіх платаў BLIK. Пэўны час мужчына быў пад арыштам, але цяпер ён на волі.
«Я вельмі шкадую аб тым, што рабіў, мне сорамна. Я кожны дзень думаю пра гэта. Проста хацеў зарабіць грошы, гэта мая дурасьць, хоць я не хачу такім чынам апраўдвацца», — сказаў ён.
Другі фігурант справы, 27-гадовы грамадзянін Беларусі, паводле зьвестак следзтва, знаходзіўся ў злачыннай герархіі вышэй за саўдзельніка.
«Я нічога не высылаў, ніводнай пасылкі. Можа і высылаў пасылку, але ня ведаў, што там наркотыкі», — тлумачыў ён падчас сьледзтва.
У абвінавачанага знайшлі анальгетыкі і апіёідныя лекавыя сродкі, але ён сказаў, што нібыта іх яму выпісаў лекар.
Суд працягне разгляд справы ў канцы красавіка.
Форум