У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што ігуменьня Параскева з жаночага манастыра Сьвятых жанчын-міраносіц у Бабруйску, дзе коштам вайсковага ведамства аднаўляюць сабор у гонар расейскага князя Аляксандра Неўскага і храм Іконы Божай маці Жыровіцкай, першай прыйшла на прыём да міністра абароны Віктара Хрэніна.
Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін праводзіць прыём у Бабруйску. Як адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы ведамства, Параскева прыйшла абмеркаваць «далейшыя працы» першай.
У жніўні 2024 году ўрад Беларусі дазволіў Міністэрству абароны перадаць бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу жаночаму манастыру Сьвятых жанчын-міраносіц у Бабруйску. Вайсковае ведамства Беларусі ажыцьцяўляе «спонсарскую» дапамогу манастыру на падставе дамовы, падпісанай у 2021 годзе.
Што вядома пра манастыр
Сынод Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату ўхваліў рашэньне аб стварэньні манастыра 12 чэрвеня 2008 году. Яго першай ігуменьняй была Раіса (Пуціліна).
Улады Беларусі перадалі Беларускаму экзархату частку гістарычнай тэрыторыі Бабруйскай крэпасьці з шасьцю будынкамі, якія патрабавалі капітальнага рамонту.
У 2009 годзе завяршылі рамонт манаскага корпусу і асьвяцілі царкву. У тым жа годзе знайшлі падмурак узарванага ў 1934 годзе вайсковага сабору Аляксандра Неўскага і пачалі яго аднаўляць.
Цяпер ігуменьняй манастыра служыць Параскева (Натальля Ельская), якая нарадзілася ў 1978 годзе ў сям’і вайскоўца ў Кішынёве (Малдова). У 2023 годзе яе назвалі «жанчынай году» Беларусі ў намінацыі «Духоўнасьць і культура». Як вынікае з сайту адміністрацыі Ленінскага раёну Бабруйску, яна супрацоўнічае з праўладнай арганізацыяй «Белая Русь».
Яе дзяды па бацьку паходзілі з Копысі Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці. У Беларусь яна разам зь сям’ёй пераехала ў 2020 годзе — датуль яна жыла ў манастырах Украіны, а яе бацькі ў Кіеве. Манаскі пострыг яна прыняла ў 2015 годзе ад кіраўніка прадстаўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне мітрапаліта Ануфрыя.
Ігуменьня Параскева ўдзельнічала ў культурна-асьветным праекце Бабруйскай япархіі для жанчын «Жывы журнал „Сьвет жанчыны“». Яна таксама бярэ ўдзел ува ўсіх сьвяточных багаслужбах, якія правіць кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Веньямін.
Штогод удзельнічае ў паветраных хросных хадах у небе над Бабруйскам.
Манастыр часта наведваюць прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусі, у тым ліку міністар Віктар Хрэнін.
У лістападзе 2023 году ў інтэрвію выданьню «СБ» ігуменьня Параскева расказала, як ставіцца да падзеяў 2020 году ў Беларусі і да Аляксандра Лукашэнкі.
«Была вельмі радая, што на чале дзяржавы стаіць Аляксандар Лукашэнка. І калі я езьдзіла ў Беларусь, мяне заўсёды прасілі перадаць Аляксандру Рыгоравічу паклон. Гэта цалкам магло быць рэальнасьцю, бо ён часта наведвае сваю малую бацькаўшчыну. У 2020 годзе дзякуючы намаганьням Аляксандра Рыгоравіча беларусы захавалі і краіну, і яе незалежнасьць», — сказала яна.
Ігуменьня Параскева таксама расказала, што гадавалася на гісторыях пра Аляксандра Лукашэнку. «Вёска Вялікі Мяжнік знаходзіцца ў суседзтве з Александрыяй. Мой прадзед Васіль Яфімавіч Ельскі ў свой час ачольваў Александрыйскі сельсавет. Ужо на пэнсіі, пабачыўшы маладога Аляксандра Рыгоравіча і паразмаўляўшы зь ім, прадзед у сямейным коле сказаў, што гэта будзе вялікі чалавек», — дадала яна.
Форум