Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі мусіць аб’явіць дату інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі на наступным тыдні, заявіла ў Маскве расейскаму агенцтву ТАСС прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант.
ЦВК 3 лютага зацьвердзіла перамогу Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 26 студзеня.
Ідзе ўжо 47-ы дзень пасьля выбараў 2025 году. Дагэтуль рэкордам была паўза ў 45 дзён з дня выбараў да дня інаўгарацыі пасьля 2020 году.
Згодна з артыкулам 83 абноўленай Канстытуцыі Беларусі пераможца выбараў павінен скласьці прысягу «ўва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасьці чальцоў Прэзыдыюму Ўсебеларускага народнага сходу, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савету рэспублікі, судзьдзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў не пазьней, чым цягам двух месяцаў з дня абраньня».
Такім чынам, Лукашэнка яшчэ не прыведзены да прысягі, але пасьпеў зацьвердзіць склад новага ўраду і накіравацца з афіцыйным візытам у Маскву. Сёньня ён мае выступіць у Савеце Фэдэрацыі Расеі.
Форум