Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Беларускі фільм заслужыў прыз за дэманстрацыю «(не)магчымага спосабу барацьбы зь цяперашняй адсутнасьцю пэрспэктываў»

Беларускі фільм заслужыў прыз за дэманстрацыю «(не)магчымага спосабу барацьбы зь цяперашняй адсутнасьцю пэрспэктываў»


Кадр зь фільма «Лебядзіная песьня Фёдара Озерава»
Кадр зь фільма «Лебядзіная песьня Фёдара Озерава»

Часопіс Tagesspiegel на Berlinale: «Лебядзіная песьня Фёдара Озерава» атрымлівае прыз чытацкага журы.

Чытацкае журы абмяркоўвала фільм на працягу дзьвюх гадзін, і пасьля доўгіх спрэчак вакол трох фінальных фаварытаў быў вызначаны фільм-пераможца, паведамляе Tagesspiegel. Сем сяброў журы паглядзелі 24 заяўкі у сэкцыі «Форум» на Berlinale, усяго 42 гадзіны кінапаказу, і выбралі «Лебядзіную песьню Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі.

Фільм расказвае гісторыю 25-гадовага музыканта Фёдара Озерава, які перад Новым годам спрабуе сабраць свой музычны гурт і напісаць новы матэрыял. Аднак пляны героя парушае зьнікненьне ягонага ўлюбёнага швэдра з рамонкамі, які ён лічыць крыніцай сваіх «магічных» здольнасьцяў пісаць песьні. Пошукі швэдра разгортваюцца на тле чутак пра магчымую трэцюю сусьветную вайну, што дадае сюжэту іранічнай актуальнасьці.

Фільм здымалі ў Варшаве, а паводле прадусарскай кампаніі ён лічыцца літоўскім, хоць большая частка каманды — беларусы. Прыкладна 60% дыялёгаў у фільме гучаць на беларускай мове, рэшта — па-расейску. У фільме зьняліся беларускія музыкі і акторы, уключаючы Вячаслава Кміта, Паўла Гарадніцкага і Міхаіла Зуя, а таксама акторы варшаўскага «Тутэйшага тэатру». Мастачка па касьцюмах Анастасія Рабава стварыла той самы «магічны» швэдар, які стаў сымбалем фільму.

Журы палічыла, што фільм «чуйна дэманструе (не)магчымасьць даць рады адсутнасьці пэрспэктывы ў цяперашні час». «Ён уражвае сваім арыгінальным дызайнам і гумарыстычнымі дыялёгамі».

Што можа супрацьпаставіць мастацтва рэальнасьці? Той факт, што малады кінарэжысэр і інжынэр паводле адукацыі Юры Сямашка, які нарадзіўся ў 1993 годзе, задае гэтае пытаньне з асаблівай вастрынёй, безумоўна, зьвязаны з тым, што яму, як і многім іншым мастакам і інтэлектуалам, прыйшлося эміграваць зь Беларусі, піша Tagesspiegel.

«Што нам рабіць, калі сьвет разбураецца, бушуюць войны, ва ўладзе дыктатары і на нас кожны дзень абвальваецца шквал дрэнных навін? «Дакладна — мы ствараем мастацтва», — напісана ў анатацыі да фільма.

Журы «старанна абмяркоўвала кожны фільм», кажа сябра журы Джуліян Габрыш, які працуе лекарам у клініцы «Шарытэ», калі там не праходзіць Berlinale. Яны бралі пад увагу вобразы і сюжэты, візуальную кампазыцыю, тон, саўндтрэк і тэмп. Урэшце, яны вырашылі спыніцца на фільме, зьнятым безь ніякага фінансаваньня самавукам, паколькі яму цяжэй прыцягнуць увагу, чым іншым.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG