«Мы гаворым аб гарантыях бясьпекі. Мы лічым, што самае галоўнай бясьпекай для Ўкраіны павінна быць сяброўства ў NATO. Калі не, тады гэта ўмовы, якія дазваляюць нам стварыць яшчэ адно NATO, тут ва Ўкраіне. Таму што ў нейкі момант узьнікне мяжа — рубеж паміж вайной і мірам. Дзе будзе праведзена гэтая мяжа, і наколькі яна будзе трывалая, залежыць ад нас. Я прапаную ўсходнюю мяжу Ўкраіны, Беларусі, балтыйскіх дзяржаваў і Фінляндыі. Гэта мацнейшая мяжа бясьпекі для ўсіх нас у Эўропе. Таму што гэта мяжа, прызнаная міжнародным правам», — заявіў Зяленскі прыканцы сваёго выступу.
Прэзыдэнт Украіны згадаў пра Беларусь і на пачатку свйго выступу.
«І ў нас ёсьць выразная разьведвальная інфармацыя, што гэтым летам Расея плянуе адправіць войскі ў Беларусь на падставе вайсковых вучэньняў. Але гэта сапраўды гэтак жа, як яны разгортвалі войскі перад поўнамаштабным уварваньнем ва Ўкраіну тры гады таму. Гэтыя расейскія сілы ў Беларусі для нападу на Украіну? Магчыма. А магчыма не», — сказаў Зяленскі.
«Ці магчыма яны для вас? Дазвольце мне нагадаць вам, Беларусь мяжуе з трыма краінамі NATO. Яна, уласна, стала пляцдармам для расейскіх вайсковых апэрацый. Адпаведна, са слоў Пуціна і Лукашэнкі, Беларусь цяпер прыняла забароненую зброю. Ракеты сярэдняй далёкасьці і нават ядзерную зброю. Пуцін выразна разглядае Беларусь як проста іншы рэгіён Расіі. І мы павінны быць рэалістычнымі, калі хтосьці разгортвае ваенны пляцдарм, мы павінны спытаць, што нам з гэтым рабіць? І больш важна – што можам мы зрабіць да наступнага нападу, наступнага ўварваньня?» – запытаўся Зяленскі.
Зяленскі таксама прапанаваў заходнім лідэрам 24 лютага сабрацца ў Кіеве.
«Мы ўжо працуем над тым, каб 24 лютага, у трэція ўгодкі поўнамаштабнага ўварваньня Расеі, мы маглі сабрацца разам у Кіеве і анлайн. Усе эўрапейскія лідэры. Усе ключавыя партнэры, якія абараняюць нашу бясьпеку, — сказаў Зяленскі. — Ад Гішпаніі да Фінляндыі. Ад Вялікабрытаніі да Польшчы. Ад Вашынгтона да Токіа».
«Гэта сустрэча павінна даць дакладнае бачаньне нашых наступных крокаў — па міру, гарантыях бясьпекі і будучыні нашай калектыўнай палітыкі», — дадаў ён.
Раней Зяленскі заяўляў аб гатоўнасьці да перамоваў аб мірным урэгуляваньні з Расеяй. Аднак для гэтага, паводле яго слоў, Украіна і яе саюзьнікі на чале з Вашынгтонам павінны папярэдне скласьці агульны плян, які меркаваў бы захаваньне інтарэсаў Кіева і Эўропы ў гэтых перамовах.
«Я ня веру ў гарантыі бясьпекі без Амэрыкі — яны будуць проста слабымі. Але Амерыка не дасьць гарантый, калі ўласныя гарантыі Эўропы ня будуць моцнымі. Я таксама ня буду выключаць сяброўства Ўкраіны ў NATO з парадку дня», — сказаў у сваёй прамове Зяленскі.
«Расея не рыхтуецца да дыялёгу, амаль кожны дзень накіроўвае сотню ці больш „шахедаў“. Таксама ажыцьцяўляюцца звычайныя ракетныя атакі, становіцца больш удараў з паветра. А яшчэ сёлета плянуе стварыць 15 новых дывізій. Пуцін можа сабе гэта дазволіць, таму што кошты на энэргетычныя рэсурсы дастаткова высокія», — заявіў Зяленскі.
Ён заклікаў да стварэньня ўзброеных сіл Эўропы.
Форум