Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму імавернасьць падзеньня разбуральнага астэроіда на Зямлю ў 2032 годзе расьце (і зьмяншаецца)


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Навукоўцы з амэрыканскага касьмічнага агенцтва NASA і з Эўропы тлумачаць, як яны разьлічваюць імавернасьць падзеньня на Зямлю астэроіда 2024 YR4 і чаму пакуль рана хвалявацца.

Ад сьнежня астраномы ўважліва вывучаюць, ці сутыкнецца зь Зямлёй праз 8 гадоў астэроід даўжынёй прыблізна ад 40 да 100 мэтраў і з патэнцыйнай разбуральнай сілай, блізкай да ядзернай бомбы. Агулам выглядае, што гэтая імавернасьць павялічваецца, піша амэрыканскае выданьне The New York Times.

29 студзеня імавернасьць, што астэроід (які атрымаў назву 2024 YR4) сутыкнецца з нашай плянэтай, была 1,3%. Потым, 1 лютага, гэтая імавернасьць павялічылася да 1,7%, але на наступны дзень упала да 1,4%.

У чацьвер, 6 лютага, імавернасьць падскочыла да 2,3%, а на наступны дзень троху зьменшылася да 2,2%. Гэта 1 з 45 шанец на сутыкненьне (і 44 з 45 на тое, што сутыкненьня ня будзе).

Шмат у каго гэта выклікае трывогу. Але тое, што здаецца страшным, насамрэч тыпова, калі гаворка ідзе пра нядаўна адкрытыя калязямныя астэроіды.

«Гэта праўда, што імавернасьць сутыкненьня падвоілася за апошні час, але гэта ня значыць, што гэта будзе працягвацца», — сказаў Давідэ Фарнокія, інжынэр па навігацыі з Цэнтру вывучэньня калязямных аб’ектаў у Лябараторыі рэактыўнага руху NASA ў Каліфорніі, які ўдзельнічае ў наглядзе за праграмамі, дзе робяць гэтыя арбітальныя разьлікі. «Важна тое, што імавернасьць сутыкненьня вельмі малая і, верагодна, зьнізіцца да нуля, калі мы працягнем назіраць за 2024 YR4».

У разьліку імавернасьцяў сутыкненьня ўдзельнічаюць дзьве ключавыя арганізацыі. Гэта цэнтар NASA, у якім працуе доктар Фарнокія, і цэнтар каардынацыі калязямных абʼектаў у Італіі, які зьяўляецца часткай Эўрапейскага касьмічнага агенцтва. Гэтыя групы, сярод іншага шукаюць у касьмічнай прасторы патэнцыйна небясьпечныя абʼекты — у гэтым выпадку астэроіды або камэты.

Абодва цэнтры выкарыстоўваюць аўтаматызаванае праграмнае забесьпячэньне для арбітальнай дынамікі (Scout і Sentry для NASA альбо Meerkat і Aegis для Эўрапейскага цэнтру), каб прааналізаваць даступныя назіраньні за абʼектам.

Калі намечаны шматлікія магчымыя будучыя арбіты астэроіда, некаторыя з іх могуць прывесьці да сутыкненьня з Зямлёй. Але многія з гэтых арбіт адыдуць ад Зямлі, таму імавернасьць сутыкненьня будзе нізкай.

Потым паступае больш інфармацыі ад назіраньняў. Колькасьць магчымых арбітаў зьмяншаецца. Але Зямля па-ранейшаму знаходзіцца ў цэнтры ўвагі і цяпер займае на ёй прапарцыйна больш месца. «Цяпер Зямля ахоплівае большую долю нявызначанасьці, і таму імавернасьць сутыкненьня ўзрасла», — сказаў Фарнокія.

Гэта можа адбывацца на працягу некаторага часу, калі працягваюцца назіраньні. «Вось чаму імавернасьць сутыкненьня ўзрастае», — сказаў Хуан Луіс Кана, аэракасьмічны інжынэр з Цэнтру каардынацыі калязямных абʼектаў. І гэта тлумачыць, што адбываецца з шанцамі 2024 YR4 сутыкнуцца зь Зямлёй.

Часам, як гэта ўжо было з 2024 YR4, шанцы могуць нязначна вагацца. Гэта адбываецца таму, што якасьць некаторых назіраньняў можа быць лепшай або горшай, чым іншых, што можа крыху памяняць разьлікі чаканых арбітаў. Звычайна дадатковыя назіраньні істотна памяншаюць арбітальную нявызначанасьць, і Зямля зьнікае з гэтых траекторыяў — зьніжаючы шанцы сутыкненьня да нуля. Чалавецтву трэба будзе даведацца, ці будзе такі ж вынік для астэроіда 2024 YR4.

Назіраць за 2024 YR4 у тэлескопы можна будзе да красавіка, пасьля чаго астэроід будзе занадта далёка, каб яго было відаць да наступнага пралёту міма Зямлі ў 2028 годзе. Верагодна, што да красавіка астраномы будуць мець дастаткова назіраньняў за астэроідам на працягу некалькіх месяцаў, каб дакладна ведаць яго арбіту, і яны канчаткова вызначаць, што ў 2032 годзе сутыкненьня не адбудзецца. «Людзям цяпер ня варта хвалявацца», — кажа Кана.

Тым не менш NASA і Эўрапейскае касьмічнае агенцтва сурʼёзна ўспрымаюць 2024 YR4. «Нягледзячы на тое, што імавернасьць сутыкненьня невялікая, яна большая, чым мы звычайна знаходзім для іншых астэроідаў», — кажа Фарнокія.

Калі б гэты астэроід сутыкнуўся з Зямлёй, ён вызваліў бы разбуральную сілу, падобную да ядзернай бомбы. І цяперашняя нявызначанасьць наконт яго будучай арбіты распаўсюджваецца на яго магчымыя месцы ўдару, якія ўключаюць як незаселеныя гэта і маланаселеныя, і густанаселеныя раёны: усходнюю частку Ціхага акіяну, поўнач Паўднёвай Амэрыкі, Атлянтычны акіян, некаторыя часткі Афрыкі, Арабійскае мора і Паўднёвую Азію.

2024 YR4 наўрад ці рухаецца да сутыкненьня. Але «мы ня можам выбіраць, калі адбудзецца наступнае значнае падзеньне астэроіда», — сказаў доктар Фарнокія. «Мы проста не хочам рызыкаваць, таму будзем працягваць адсочваць 2024 YR4».

І калі гэта стане праблемай, магчыма, прыйдзе час для Зямлі ўзмацняць абарону ад астэроідаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG