Беларуская лёгкаатлетка Вольга Мазуронак, якая эмігравала ў ЗША, зь вялікім адрывам апярэдзіла галоўных суперніц на маратоне ў Ганконгу, паведамляе South China Morning Post.
Мазуронак прабегла дыстанцыю за 2 гадзіны 27 хвілінаў. Бягухі з Этыёпіі, якія занялі другое і трэцяе месца, прайгралі ёй больш за хвіліну. Мазуронак сказала выданьню, што хацела прабегчы лепш за свой час на гэтым маратоне ў 2019 годзе — 2 гадзіны 26 хвілінаў і 13 сэкундаў.
«Я вельмі радая быць тут, у Ганконгу, — сказала беларуска. — Сёньня я плянавала пабіць свой рэкорд, але траса была вельмі складанай, і, на жаль, я не змагла, але я вельмі рада перамозе».
Пасьля выбараў у 2020-м Вольга Мазуронак падпісала ліст вольных спартоўцаў супраць гвалту. У 2023 годзе яна пераехала ў ЗША.
У чэрвені 2024 году яна стала пераможцай Grandma’s Marathon. Гэты штогадовы маратон праводзіцца ў горадзе Дулут (штат Мінэсота). Тады беларуска паказала найлепшы час у сваёй кар’еры — 2 гадзіны 23 хвіліны і 52 сэкунды. Гэта быў ня толькі яе асабісты рэкорд, але і найлепшы вынік у гісторыі маратонаў у Дулуце.
Вользе 35 гадоў. Яна чэмпіёнка Эўропы 2018 году. Выступала на двух Алімпійскіх гульнях (у 2016 і 2021 гадах) і абодва разы займала 5-е месца.
Форум