Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
ХАМАС вызваліў яшчэ трох ізраільскіх закладнікаў. Паводле ўгоды, Ізраіль адпусьціць 183 палестынскіх зьняволеных

ХАМАС вызваліў яшчэ трох ізраільскіх закладнікаў. Паводле ўгоды, Ізраіль адпусьціць 183 палестынскіх зьняволеных


Закладнікі Ор Леві, Элі Шарабі і Ахад Бэн Амі, вызваленыя баевікамі ХАМАС, 8 лютага 2025 году
Закладнікі Ор Леві, Элі Шарабі і Ахад Бэн Амі, вызваленыя баевікамі ХАМАС, 8 лютага 2025 году

Групоўка ХАМАС, прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША і ЭЗ, перадала прадстаўнікам Чырвонага Крыжа 53-гадовага Элі Шарабі, 56-гадовага Ахада Бэн-Амі і 34-гадовага Ора Леві, паведамляе ізраільскае войска.

ЦАХАЛ адзначае, што вызваленыя закладнікі ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Ізраіля і накіроўваюцца ў пункт першаснага прыёму на поўдні краіны, дзе яны сустрэнуцца са сваімі сем’ямі і пройдуць мэдыцынскае абсьледаваньне. Перад тым як перадаць вызваленых закладнікаў Чырвонаму Крыжу чальцы ХАМАС вывелі іх на сцэну. На фатаздымках мужчыны, якія знаходзіліся ў палоне 491 дзень, выглядаюць моцна схуднелымі.

«Шакуючыя кадры, якія мы ўбачылі сёньня, не застануцца без адказу», — заявіў прэмʼер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу.

У абмен на вызваленых закладнікаў Ізраіль павінен вызваліць 183 палестынскіх зьняволеных, 18 зь іх былі асуджаныя да пажыцьцёвага тэрміну. Сем вызваленых вязьняў дэпартуюць адразу пасьля выхаду з турмы.

Гэта пяты абмен з моманту пачатку дзеяньня пагадненьня аб часовым спыненьні агню ў сэктары Газа 17 студзеня.

Элі Шарабі і Ахад Бэн-Амі былі выкрадзеныя з кібуца Беэры падчас нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 году. Баевікі забілі ў той жа дзень жонку Шарабі Ліяну і іх дачок: 13-гадовую Ною і 16-гадовую Яэль. Дзяўчынкам было 13 і 16 гадоў. Элі захапілі разам зь яго малодшым братам Йосі, якога, паводле ЦАХАЛ, забілі ў палоне, яго цела знаходзіцца ў ХАМАС. Ахад Бэн-Амі быў выкрадзены разам з жонкай Раз. 29 лістапада яе вызвалілі падчас першай угоды па вызваленьні закладнікаў.

Ор Леві ўзялі ў закладнікі на музычным фэсьце Nova, куды ён паехаў разам з жонкай Эйнаў. Яе забілі ў дзень нападу ХАМАС на вачах Ора.

  • Вайна Ізраіля і ХАМАС пачалася 7 кастрычніка 2023 году з масіраваных ракетных удараў узброеных груповак ХАМАС і «Ісламскі джыхад» (прызнаны тэрарыстычнымі арганізацыямі ў ЗША і ЭЗ) з сэктару Газа, заходу баевікоў на тэрыторыю краіны і захопу закладнікаў. У адказ Ізраіль пачаў наносіць масіраваныя авіяўдары па сэктары Газа, а позна ўвечары 27 кастрычніка зайшоў буйнымі сіламі на тэрыторыю паўночнай часткі сэктара.
  • У выніку вайны ў Ізраілі з 7 кастрычніка загінулі 1200 чалавек, каля 800 зь якіх — вайскоўцы. Больш за 240 чалавек былі захопленыя баевікамі ХАМАС у якасьці закладнікаў. У палоне цяпер застаюцца каля 100 чалавек. Некаторыя зь іх ізраільскія ўлады завочна абвясьцілі памерлымі. У сэктары Газа, паводле зьвестак палестынскага боку, загінулі каля 47 тысяч чалавек. ААН, Human Rights Watch, СААЗ, ізраільская праваабарончая арганізацыя «Бэцэлем» і іншыя лічаць гэтыя зьвесткі, збольшага сапраўднымі, аднак улады Ізраіля і некаторыя амэрыканскія арганізацыі — Вашынгтонскі інстытут блізкаўсходняй палітыкі, Фонд абароны дэмакратыяў і Амэрыканскі інстытут прадпрымальніцтва — аспрэчваюць іх дакладнасьць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG