Праца канадзкага парлямэнту будзе прыпыненая да 24 сакавіка.
Трудо заявіў, што складзе паўнамоцтвы, як толькі партыя выбера новага старшыню. Новы лідэр дзяржавы павінен быць выбраны ў выніку «агульнанароднага спаборнага працэсу», падкрэсьліў Трудо. Ён удакладніў, што ў найбліжэйшыя месяцы краіну чакаюць новыя выбары. Сам ён балятавацца на іх ня мае намеру.
Калі б Трудо не падаў у адстаўку, чарговыя парлямэнцкія выбары ў Канадзе адбыліся б сёлета 20 кастрычніка. Цяпер, магчыма, яны пройдуць раней.
Як адзначаюць аналітыкі, адстаўка Трудо можа вярнуць на лідэрскія пазыцыі Кансэрватыўную партыю Канады. У такім выпадку наступным прэм’ер-міністрам можа стаць яе старшыня П’ер Пуальеўр. Аднак Трудо ў сваёй прамове назваў погляды Пуальеўра на палітычныя пэрспэктывы Канады «няслушнымі». «Нам патрэбен амбітны, аптымістычны погляд у будучыню. Пуальеўр такога не прапануе», — сказаў Трудо.
Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, аднак, заявіў, што ўхваліў бы кандыдатуру Пуальеўра на пасаду канадзкага прэм’ера, бо іхныя пазыцыі блізкія.
Урадавы крызіс у Канадзе пачаўся ў канцы мінулага году. 16 сьнежня пайшла ў адстаўку міністарка фінансаў Канады Хрысьця Фрыланд. Яе канфлікт з Трудо абвастрыўся ў выніку палемікі вакол магчымага ўвядзеньня тарыфаў з боку Злучаных Штатаў. Акрамя таго, Трудо адчуваў ціск з боку «Новых дэмакратаў», невялікай апазыцыйнай партыі, якая адмовілася на пачатку 2024 году безумоўна падтрымліваць урад лібэралаў меншасьці. У сваёй прамове Трудо сказаў, што праца парлямэнту ў апошнія месяцы была «паралізаваная».
- Джастын Трудо ўзначальваў Лібэральную партыю з 2013 году і быў выбраны прэм’ер-міністрам Канады ў 2015 годзе.
Форум