На самым пачатку 2024 года фінансавыя праблемы накрылі сайт KYKY.org: ён перастаў абнаўляцца. Рэдакцыя аб’явіла пра «перафарматаваньне»: сайт быў замарожаны, палова каманды звольнілася, а выданьне засталося толькі ў сацсетках, паведамляе БАЖ.
KYKY існуе з 2010 году і прэзэнтуе сябе як «разумны лайфстайл-часопіс».
У жніўні 2024 году вядомыя дзіцячыя часопісы «Каламбур» і «Один дома» аб’явілі, што закрываюцца пасьля 27 гадоў існаваньня.
Апошні галоўны рэдактар Гена Алейнік расказаў, што на піку свайго існаваньня часопіс «Каламбур» выходзіў накладам звыш 220 тысяч экзэмпляраў. Гэты часопіс рабілі дзеці для сябе: кожны мог даслаць свой твор у рэдакцыю.
Прычына — фінансавыя праблемы. У другой палове 2010-х рэдакцыя перайшла ў рэжым выжываньня, наклады падалі, бо галоўныя чытачы —дзеці — перайшлі ў TikTok.
Апошні, 400-ы, нумар часопіса надрукавалі накладам 1200 экзэмпляраў у канцы 2023 года, але праз затрымкі чытачы здолелі атрымаць іх толькі ў жніўні 2024-га.
У канцы верасьня пра сваё закрыцьцё аб’явіў антыфэйкавы праект «Чаго брэшаш?», які займаўся разборам прыёмаў дзяржаўнай прапаганды. Праект праіснаваў трохі больш за год. Аўтары разьбіралі фэйкі беларускай дзяржаўнай прапаганды, хаця часам удзялялі ўвагу і крамлёўскім наратывам. Пры гэтым каманда ня мела ўласнага сайту, а распаўсюджвала свой кантэнт у сацыяльных сетках: відэа крыху большага фармату выкладаліся на YouTube, а меншага — на TikTok.
Аднак 10 красавіка сацсеткі праекту «Чаго брэшаш?» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Моцна ўпалі ахопы, асабліва ў YouTube і TiкTok. YouTube заблякаваў рэклямныя кабінэты праекту. Праблему ўдалося вырашыць, аднак да гэтага інструмэнту распаўсюду матэрыялаў праект так і не вярнуўся.
На сёньня каманда «Чаго брэшаш?» ня мае дакладных плянаў на будучыню.
Увосень стала вядома пра закрыцьцё вячэрняга забаўляльнага шоў «Ноч з Чалым».
Сяргей Чалы ў эфіры «Обычного утра» падкрэсьліў, што чэрвеньскі выпуск «Ночи с Чалым» стаў апошнім. Праект выходзіў з кастрычніка 2023 году на ютуб-канале «Чалый LIVE» .
«Ночь с Чалым» пазыцыянавала сябе як вечаровае шоў, якое спалучае жанры аўтарскай палітычнай аналітыкі і інтэрвію з запрошанымі гасьцямі. У лютым 2024 года кантэнт Сяргея Чалага ў сацсетках прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
З 2022 году Чалы зьяўляецца аўтарам і вядоўцам праграм Беларускага расьсьледніцкага цэнтру «Новости с Чалом» і «Чалый: Экономика».
У канцы 2024 году абвясьцілі пра закрыцьцё праекту «Шрайбман ответит» на ютуб-канале «Люстэрка». У рамках праекту палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман адказваў на пытаньні пра беларускую і замежную палітыку.
Праект праіснаваў 3 гады, выйшла 73 выпускі, якія прагледзелі больш за 10 мільёнаў разоў на розных пляцоўках. «Люстэрка» працягне супрацоўніцтва са Шрайбманам, але падрабязнасьці абяцае раскрыць пазьней.
Пад канец 2024 году цэлы шэраг беларускіх мэдыя накрыла хваля фінансавых праблем.
З канца лістапада не абнаўляецца сайт Маланка Мэдыя.
Сайт malanka.media прыпыніў працу на няпэўны тэрмін яшчэ 15 лістапада празь недахоп фінансаваньня. Telegram-канал не абнаўляецца з 14 лістапада, Youtube-канал і іншыя сацыяльныя сеткі выданьня працягваюць працу.
Фонд салідарнасьці BySol па просьбе malanka.media аб’явіў збор 20 тысяч эўра на аднаўленьне працы выданьня.
Заяўленая сума збору дазволіць «утрымліваць сайт цягам пяці месяцаў і выплачваць заробкі чатыром супрацоўнікам». Рэдакцыя спадзяецца, што пасьля гэтага донарскае фінансаваньне будзе адноўлена.
Кіраўнік Malanka Media і стрымінгавай платформы Belarus Tomorrow Павал Марыніч падае праблему як глябальную для беларускіх мэдыя ў выгнаньні.
У 2024 годзе адзіны беларускамоўны незалежны рэсурс Гомля «Штодзень» апынуўся на мяжы закрыцьця і папрасіў дапамогі ў чытачоў, рэдакцыя «Новага часу» таксама тэрмінова папрасіла падтрымкі.
Форум