Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць экс-афіцэраў міліцыі, якія ў 2020-м запісалі зварот да калегаў, будуць судзіць паводле двух крымінальных артыкулаў


Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь
Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь

Афіцэраў абвінавачваюць у прычыненьні шкоды нацыянальнай бясьпецы і распальваньні варожасьці.

Былых афіцэраў жодзінскай міліцыі, якія ў 2020 годзе запісалі відэазварот да сілавікоў з заклікам спыніць гвалт супраць мірных грамадзян, абвінавачваюць у прычыненьні шкоды нацыянальнай бясьпецы (частка 3 артыкулу 361 КК) і распальваньні варожасьці (частка 3 артыкулу 130 КК). Такая інфармацыя апублікаваная на сайце Вярхоўнага суду ў раскладзе судовых паседжаньняў.

Судзіць афіцэраў пачнуць 13 студзеня ў Менскім абласным судзе.

Аб затрыманьні былых міліцыянтаў стала вядома ў пачатку лютага 2024 году. Гэта падпалкоўнік міліцыі Ігар Кісьляк, падпалкоўнік у адстаўцы Вячаслаў Ільіч, падпалкоўнік Андрэй Дарошка, падпалкоўнік юстыцыі ў запасе Віталь Папроцкі, падпалкоўнік юстыцыі ў запасе Дзьмітры Ўдовін.

Раней «Люстэрка» пісала, што 53-гадовы Ігар Кісьляк пачынаў кар’еру ў аддзяленьні барацьбы з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ) Жодзінскага ГАУС, дзе даслужыўся да начальніка аднаго з аддзелаў. У 2006–2010 гадах ён займаў пасаду першага намесьніка начальніка ГАУС Жодзіна, а потым два гады быў намесьнікам начальніка Барысаўскага раённага аддзелу ГУБАЗ. У кастрычніку 2012 году Кісьляка звольнілі ў запас у рамках аптымізацыі штату.

60-гадовы падпалкоўнік запасу Вячаслаў Ільіч у 1995–2001 гадах служыў у Бярэзінскім РАУС, спачатку начальнікам дзяжурнай службы, а потым начальнікам апэратыўна-арганізацыйнай службы. З 2001-га па 2004 год ён кіраваў штабам Жодзінскага ГАУС, а ў наступныя тры гады працаваў намесьнікам начальніка і ўзначальваў міліцыю грамадзкай бясьпекі Жодзіна. У 2007 годзе пакінуў пасаду з уласнага жаданьня.

54-гадовы падпалкоўнік юстыцыі ў запасе Дзьмітры Ўдовін у 1990-х гадах быў інспэктарам у справах непаўналетніх Барысаўскага РАУС. У 1998–2003 гадах служыў у аддзеле дазнаньня Жодзінскага РАУС, а потым у аддзеле папярэдняга расьсьледаваньня, які ўзначальваў сем гадоў. У 2011 годзе перайшоў у Сьледчы камітэт, аднак дата ягонай адстаўкі застаецца невядомай.

53-гадовы падпалкоўнік запасу Андрэй Дарошка пачынаў службу як участковы інспэктар у Жодзіне. З 1994-га па 2006 год ён працаваў у крымінальна-выканаўчай інспэкцыі, а да 2012 году займаў пасаду намесьніка начальніка Жодзінскага ГАУС у ідэалягічнай рабоце і кадравым забесьпячэньні. Звольнены паводле артыкулу аб парушэньні ўмоваў кантракту, але падрабязнасьці гэтага парушэньня не раскрытыя.

Віталь Папроцкі, 53-гадовы падпалкоўнік юстыцыі ў запасе, пачынаў кар’еру сьледчым у жодзінскай міліцыі. З 1999-га па 2004 год ён займаў пасаду старшага сьледчага Жодзінскага аддзелу Ўпраўленьня Сьледчага камітэту Менскай вобласьці. Пазьней быў намесьнікам начальніка раённага аддзелу папярэдняга расьсьледаваньня, а потым яго ўзначальваў да 2010 году. Пасьля гэтага ён перайшоў у Сьледчы камітэт, але год ягонай адстаўкі невядомы.

У відэазвароце 2020 году былыя супрацоўнікі Жодзінскага ГАУС заклікалі сваіх калегаў спыніць гвалт у дачыненьні мірных грамадзян Беларусі.

«Кожны з нас больш за 20 гадоў свайго жыцьця аддаў службе ў органах унутраных спраў. Мы служылі не за мізэрныя заробкі, а за ідэю, — зьвяртаецца на відэа да сілавікоў Кісьляк. — Галоўнай мэтай была абарона людзей і барацьба са злачыннасьцю. А сёньня вашыя ўчынкі па зьбіваньні людзей на вуліцах, якія не зрабілі нічога… Няма тут ні арганізаваных злачынных групаў, няма замежных агентаў. Магчыма, ёсьць невялікія і нязначныя, дробныя правакатары, якія спрабуюць стварыць крытычную сытуацыю, незразумела, у чыіх інтарэсах. Дык вы можаце іх саматугам ізаляваць і выключыць. Для гэтага ня трэба наводзіць тэрор, выступаць карнікамі, прыцягваць войскі, ставіць сябе па-за законам. І супрацьпастаўляць сябе нашаму спакойнаму працавітаму народу».

Былым сілавікам цяпер пагражае да 12 гадоў калёніі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG