Фігуранты завочнай справы — удзельнікі ініцыятывы «Супраціў» Павал Кулажанка і былы вайсковец Віталь Пацехін. Абодва знаходзяцца за мяжой.
Завочна працэс над імі пачаўся 9 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе. Справу разглядаў судзьдзя Міхаіл Макарэвіч.
За атаку дрона на базу АМАПу двух вайскоўцаў завочна асудзілі на вялікія тэрміны і штрафы, паведамляе «Вясна».
Іх абвінавацілі паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку «акце тэрарызму», за атаку дронам на базу АМАПу ў ноч з 24 на 25 верасьня 2021 году.
Судзьдзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў ім 24 і 23 гады калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму адпаведна, а таксама штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (40 тысяч рублёў) кожнаму. Апроч гэтага, Пацехіна пазбаваілі вайсковага званьня «капітан у адстаўцы».
Вэрсія сьледзтва
Паводле вэрсіі сьледзтва, Віталь Пацехін нібыта «пры садзейнічаньні непраінфармаваных кантрабандыстаў перамясьціў з Украіны дрон зь вялікай грузападымальнасьцю». Як сьцьвярджаюць у СК, пасьля гэтага ён некалькі месяцаў рыхтаваўся да нападу: уначы на тэрыторыі свайго ўчастку ў Менскім раёне «экспэрымэнтаваў са складам запальнай сумесі і трэнаваўся кіраваць бесьпілётнікам», а таксама мадэрнізаваў дрон, усталяваўшы на яго прыладу для скіданьня грузу і відэакамэру.
Як вынікае з матэрыялаў справы, у ноч з 24 на 25 верасьня Пацехін нібыта «скінуў дзьве пяцілітровыя бутэлькі з запальнай сумесьсю на базу АМАП», пасьля чаго схаваў дрон у схованку і пакінуў тэрыторыю Беларусі. Пазьней дрон знайшлі апэратыўнікі. Ужо знаходзячыся за мяжой, ён нібыта папрасіў сваякоў забраць з дому вопратку, у якой знаходзіўся ў момант падзеі, і слоік з кампанэнтамі запальнай сумесі і выкінуць іх, пры гэтым нічога не сказаў сваякам пра паходжаньне рэчаў, паведамляе СК.
Якую ролю ў нападзе на базу менскага АМАПу адыграў Павал Кулажанка, дакладна не зразумела. У паведамленьні СК адзначаецца, што ён «узначальваў экстрэмісцкае фармаваньне „Буслы ляцяць“» і «далучыўся да змоўшчыкаў, якія хацелі ажыцьцявіць у Беларусі вайсковы пераварот», пры гэтым згадваюцца імёны палітзьняволеных Юрася Зянковіча і Аляксандра Фядуты. Паводле СК, пасьля «правалу» іхнага пляну Кулажанка разам са стваральнікамі групаў «Кібэрпартызаны» і «Дружыны народнай Самаабароны — ЗНС», аб’ядналіся ў арганізацыю «Супраціў», удзельнікі якой нібыта «запалохвалі супрацоўнікаў дзяржорганаў, СМІ і грамадзкіх актывістаў, пашкоджваючы іх аўтамабілі і кідаючы камяні ў вокны», а таксама ўчынілі атаку дронам на базу АМАП ГУУС Мінгарвыканкаму.
У чым вінавацяць?
Кулажанку і Пацехіну, «у залежнасьці ад ролі і дзеяньняў кожнага зь іх», у Беларусі завочна выставілі абвінавачаньні паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч.3 арт. 289 («Акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай»);
- ч.1 арт. 14, ч.3 арт. 289 («Замах на акт тэрарызму, учынены паўторна, арганізаванай групай»); ч.ч.1,2 ст.290-4 («Стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці, кіраўніцтва і ўдзел у такой арганізацыяй»);
- ч.ч. 1,2 ст.290-5 («Стварэньне, кіраўніцтва і ўдзел у арганізацыі, якая прызнаная тэрарыстычнай»);
- ч.2 ст.295-3 («Незаконны выраб, захоўваньне і нашэньне прадмета, ударнае дзеяньне якога заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў, зьдзейсьненыя паўторна, групай асобаў па папярэдняй змове»);
- ч.1 арт. 357 («Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»);
- ч.ч.1, 2 ст.361-4 («Іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, зьдзейсьненае паўторна»).
Таксама сьледзтва наклала арышт на маёмасць абвінавачаных агульным коштам каля 240 тысяч беларускіх рублёў, паведамілі ў СК.
У верасьні 2021 году Генпракуратура Беларусі паведаміла пра «акт тэрарызму з ужываньнем бесьпілётніка» ў краіне і прапанавала зрабіць больш жорсткімі ўмовы іх выкарыстаньня бесьпілётнікаў у Беларусі. У ведамстве не ўдакладнілі, пра які акт тэрарызму ідзе гаворка, але 25 верасьня «Кібэрпартызаны» заявілі, што група «Чорны бусел» пад раніцу зьдзейсьніла атаку з дронаў на базу АМАП ва Ўруччы: на яе нібыта скінулі з вышыні дзьве 5-літовыя ёмістасьці з запальнай сумесьсю. - У верасьні 2023 году Аляксандар Лукашэнка спэцыяльным указам забараніў увоз, выраб і выкарыстаньне дронаў у Беларусі для грамадзян. Цяпер імі могуць карыстацца толькі юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі, пасьля атрыманьня неабходнага дазволу ў дэпартамэнце авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. Фізычным асобам улады далі 6 месяцаў, каб прадаць свае дроны ІП ці юрыдычным асобам або перадаць дзяржаве на захоўваньне.