Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Чэхіі вярнулі грамадзянства Ларысе і Яну Геніюшам


Ларыса Геніюш
Ларыса Геніюш

Упаўнаважаны орган уладаў Чэхіі, функцыі якога адпавядаюць беларускім органам ЗАГС, а канкрэтна Matriční úřad прыняў рашэньне, што Ян і Ларыса Геніюшы былі і бесперапынна заставаліся чэхаславацкімі грамадзянамі. Фактычна гэта азначае, што іх выдача з Чэхаславаччыны ў савецкі Гулаг была незаконнай.

Паўнамоцны прадстаўнік беларускай нацыянальнай меншыні пры ўрадзе Чэскай Рэспублікі Алена Каварава (Ціхановіч) паведаміла Радыё Свабода, што ў выніку шматлікіх і доўгіх намаганьняў беларускай грамадзе ўдалося дабіцца таго, што Ларысе і Яну Геніюшам было вернутае чэхаславацкае грамадзянства. А дакладней, як патлумачыла Алена, было прынятае рашэньне, што Ян і Ларыса Геніюшы ніколі грамадзянства Чэхаславаччыны ня страчвалі — ад моманту атрыманьня яго ў 1947 годзе і аж да сьмерці.

Ларыса і Ян Геніюшы з сынам Юркам перад вайной у Празе. Ларыса Геніюш. Архіўнае фота.
Ларыса і Ян Геніюшы з сынам Юркам перад вайной у Празе. Ларыса Геніюш. Архіўнае фота.

У камэнтары для Беларускай службы Свабоды Алена Каварава сказала:

«Беларуская грамада Чэхіі шмат зрабіла для ўшанаваньня памяці Ларысы Геніюш. Выдалі яе мэмуары па-чэску, тут здымаліся фільмы, праходзілі выставы. Адзінае, што ніяк не ўдавалася — усталяваць шыльду на доме ў праскіх Галешовіцах, дзе паэтка зь сям’ёй жыла. Гаспадар дома проста адклікаў сваю папярэднюю згоду і адмовіў. Тады паступова мы прыйшлі да думкі вярнуць іх сюды іншым шляхам: вярнуць як чэхаславацкіх грамадзян. Гэта б азначала спраўдзіць іх мару.

Сама Ларыса Геніюш і яе муж Ян Геніюш несьлі як вялікую крыўду рашэньне уладаў камуністычнай Чэхаславаччыны пазбавіць іх грамадзянства і выдаць СССР у 1948 годзе. Савецкімі грамадзянамі яны ніколі не былі. Пасьля выхаду з ГУЛАГу Геніюшы шмат гадоў дамагаліся вяртаньня чэхаславацкага грамадзянства і вяртаньня ў гэтую краіну. Яны вялі доўгую перапіску з амбасадай ЧССР у Маскве, але безвынікова.

Наконт самой працэдуры — як жа «вярнуць грамадзянства памерлым» — мы кансультаваліся зь міністэрствам унутраных спраў Чэхіі, знайшлі і падтрымку чэскай грамадзкасьці, гісторыкаў. Такое магчыма. З адпаведнай просьбай унук Яна і Ларысы Міхал Геніюш, які жыве ў Польшчы, зьвярнуўся ў чэскую амбасаду ў Варшаве. Каб дайсьці да гэтага этапу, было патрэбна сабраць і афіцыйна перакласьці ўсе магчымыя дакумэнты зь сямейнага і гістарычных архіваў тут, у Чэхіі.

Міхась Геніюш каля дому ў Вімпэрку, дзе жылі і былі арыштаваныя Ян і Ларыса Геніюшы.
Міхась Геніюш каля дому ў Вімпэрку, дзе жылі і былі арыштаваныя Ян і Ларыса Геніюшы.

Спачатку аддзел метрык сёмага праскага раёну адмовіў Міхалу Геніюшу, тым самым прызнаўшы рашэньне 1948 году законным. Унук праз свайго прадстаўніка падаў апэляцыю ў праскі магістрат. Там вырашылі, што прымацца рашэньне павінна паводле тэрытарыяльнай прыналежнасьці гораду Вімпэрк, дзе быў адрас апошняга побыту Геніюшаў і дзе іх арыштавалі. А гэта Паўднёвачэскі край. Там пачаўся новы працэс вывучэньня дакумэнтаў. Нарэшце напярэдадні Калядаў у галоўным горадзе краю Чэскіх Будзеёвіцах было выдадзенае оsvědčení o státním občanství České republiky (пасьведчаньне аб грамадзянстве Чэскай Рэспублікі) Геніюшаў. У рашэньні таксама падкрэсьліваецца, што чэхаславацкімі грамадзянамі Ларыса і Ян былі ад 1947 году і кожны аж да сваёй сьмерці.

Вялікую ролю ў станоўчым рашэньні справы Геніюшаў адыграў прадстаўнік Міхала Геніюша ў кантактах з чэскімі ўладамі, кіраўнік адной з чэскіх праваабарончых арганізацый Пэтр Явурэк.

Я лічу гэта падарункам на Каляды і Новы год і сьведчаньнем таго, што ўсе беларусы раней ці пазьней дамогуцца справядлівасьці і адносна сябе, і адносна сваёй бацькаўшчыны. Гэта як сьцьвярджэньне таго, што справядлівасьць перамагае, што тыраны маюць верх толькі дачасна, і тыя, хто ім кідае выклік, застануцца непераможнымі героямі».

У сакавіку 2023 году на Горадзеншчыне, у Зэльве, мясцовыя ўлады дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG