«Вялікія патрэбы» на імпарт казахстанскай бульбы маюць Расея і «нават Беларусь», паведаміў агенцтву «АПК Новости» кіраўнік Саюзу бульбаводаў і агароднікаў Казахстану Байжан Уалханаў.
Пры гэтым, паводле яго, Казахстан «сьвядома абмяжоўвае» продаж бульбы ў гэтыя краіны, лічачы гэтыя рынкі часовымі.
Традыцыйнымі рынкамі экспарту казахстанскай бульбы зьяўляюцца Узбэкістан, Туркмэністан, Кіргізстан, абмежаваньні для часовых рынкаў робяцца, каб «ня страціць стабільных партнэраў», падкрэсьліў Уалханаў.
Ён удакладніў, што з боку Беларусі і Расеі ёсьць попыт «у асноўным на насеньне», а таксама на «чыпсавыя гатункі і гатункі фры».
12 сьнежня прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падпісаў пастанову, якая ўводзіць ліцэнзаваньне на вываз за межы Беларусі бульбы. Рашэньне прынята «ў мэтах забесьпячэньня ў міжсэзонны пэрыяд унутранага рынку сельскагаспадарчай прадукцыяй у поўным аб’ёме».
29 сьнежня ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Галоўчанка патлумачыў увядзеньне ліцэнзаваньня неабходнасьцю «рэгуляваньня таварных патокаў».
Маўляў, гэта звязана з тым, што цэны на вонкавых рынках, у прыватнасьці ў Расеі, на частку беларускай сельгаспрадукцыі, «асабліва на такія дастаткова недарагія прадукты, якія карыстаюцца попытам, вышэйшыя, чым у Беларусі». «Таму ёсьць рызыка масавага ператоку гэтых тавараў у іншыя краіны, бо вытворцам выгадна іх хутка прадаць, і пажадана даражэй», — сказаў прэм’ер.
Галоўчанка таксама заявіў, што «бульбы будзе дастаткова», адзначыўшы, што яе вытворчасьць «у бягучым годзе, ня самым лепшым для гэтай культуры, склалася на ўзроўні 460 кіляграмаў на чалавека, тады як беларусы спажываюць за год на чалавека 160 кг бульбы».
Паводле звестак Белстату, на 1 лістапада 2024 году ў Беларусі было сабрана 534,8 тыс. тон бульбы пры сярэдняй ураджайнасьці 302 цэнтнэры з гектара. Пры гэтым на такую ж дату 2023-га былі накапалі 827,2 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасьці 358 ц/га.
Такім чынам, агульны ўраджай бульбы зьнізіўся ў 1,55 раза.
Амаль у 1,5 раза (на 49,06%) выраслі цэны на бульбу ў Беларусі ў студзені-кастрычніку 2024 году.
Форум