«Нашы погляды — кіраўніцтва Беларусі і Ватыкану — практычна супадаюць, асабліва ў пытаньнях бясьпекі. Бясьпекі ў Эўропе. І гэта паказвае канфлікт ва Ўкраіне, дзе мы займаем практычна аднолькавую пазыцыю», — гэтыя словы Лукашэнкі прыводзіць інфармацыйнае агненцтва «Позірк» паводле ягонай прэсавай службы.
24 лютага 2022 года Расея пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. З пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне. Да поўнамаштабнага ўварваньня Лукашэнка заяўляў, што расейскія войскі возьмуць Кіеў за некалькі дзён.
11 красавіка 2023 году першы намесьнік міністра абароны Ўкраіны Аляксандр Паўлюк заявіў, што на пачатку вайны 70 тысячаў вайскоўцаў 35-й агульнавайсковай арміі РФ на 7 тысячах бронемашын «зь беларускай мяжы ўварваліся» на тэрыторыю Кіеўскай вобласьці.
Увесну гэтага году папа Рымскі Францішак у інтэрвію, запісаным для швайцарскай вяшчальнай кампаніі RSI, заявіў пра неабходнасьць мірных перамоваў між Расеяй і Ўкраінай і выкарыстаў тэрмін «белы сьцяг», які ва ўсясьветнай гісторыі часьцей сымбалізуе капітуляцыю і безагаворачную згоду на пачатак мірных перамоваў безь якіх-небудзь умоваў, хоць і не назваў, хто павінен гэты сьцяг узьняць.
Пазьней Ватыкан удакладніў, што пантыфік не гаварыў пра «капітуляцыю». Але першае выказваньне выклікала вялікі рэзананс, як ва Ўкраіне, так і сярод яе партнэраў.
Падчас сустрэчы з апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам Лукашэнка падзякаваў суразмоўцу за дапамогу, аказаную пры вызваленьні 30 беларускіх грамадзянаў «пасьля пачатку СВА».
«Усё, што я рабіў, канешне, я пасланьнік папы Францішка, але я працаваў для вашага грамадзтва. Ня толькі для каталікоў, ня толькі для нашай царквы, а для ўсіх. І мне было вельмі прыемна», — сказаў ватыканскі дыплямат.
Антэ Ёзіч адзначыў, што кожны год прыяжджаў у Ватыкан і сустракаўся з папам Рымскім.
«Калі я заходзіў у дзьверы, ён сказаў: „А як Лукашэнка?“ Не „Буон джорно“ („добры дзень“ на італьянскай. — РС), ня „Добры дзень“, а „Як Лукашэнка?“ Я заўважыў, што паміж вамі ёсьць пэўныя добрыя адносіны, якія склаліся на важных добрых прынцыпах», — сказаў апостальскі нунцый.
- 28 чэрвеня папа Рымскі Францішак прызначыў арцыбіскупа Антэ Ёзіча апостальскім нунцыем у Грузіі і Армэніі. Служэньне ў Беларусі на гэтай пасадзе, якую ён займае з 21 траўня 2020 году, ураджэнец Харватыі павінен завяршыць у канцы верасьня 2024-га.
- Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адносіны дзяржавы і касьцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсіяў, якія адбыліся ў адказ на масавыя пратэсты. Некаторыя сьвятары прайшлі праз затрыманьні, суды і арышты з палітычных матываў, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Рэпрэсіі ў дачыненьні да прадстаўнікоў касьцёла працягваюцца.
- Ватыкан неаднаразова заклікаў Расею і Ўкраіну да спыненьня агню і правядзеньня перамоваў аб міры.
Форум