У Маскве каля жылога дома на Разанскім праспэкце адбыўся выбух. Расейскія тэлеграм-каналы пішуць, што загінулі два чалавекі. На фатаграфіях зь месца выбуху відаць целы, якія ляжаць на зямлі каля ўваходу ў пад’езд дома.
Тэлеграм-канал Baza, які атрымлівае інфармацыю ў тым ліку ад сілавых структур, паведамляе, што загінулыя — генэрал-лейтэнант і яго памочнік (па іншай вэрсіі — кіроўца). Паводле зьвестак тэлеграм-каналу ASTRA, генэрал-лейтэнант Ігар Кірылаў — начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай, і біялягічнай абароны Ўзброеных сіл Расеі.
ASTRA прааналізавала здымкі аўтамабіля каля дома на Разанскім праспэкце перад выбухам — мяркуючы па выкладзеных раней у сеціва базаў дадзеных, гэтым аўта сапраўды карыстаўся Кірылаў. Іншыя каналы падобнай тэматыкі таксама пішуць пра гібель Кірылава.
ТАСС са спасылкай на апэратыўныя службы паведамляе аб гібелі двух чалавек пры выбуху на першым паверсе жылога дома. У публікацыі зазначаецца, што «дом не газыфікаваны». Сьледчы камітэт ужо завёў крымінальную справу па факце выбуху.
Жыхары дому падазраюць, што выбухоўка была ў самакаце, які стаяў каля пад'езду.
СБУ заявіла, што гэта спэцслужбы Ўкраіны зарганізавалі падрыў расейскага афіцэра. Кірылава назвалі абсалютна законнай цэльлю.
Генэрал-лейтэнант Ігар Кірылаў знаходзіўся пад санкцыямі Вялікай Брытаніі. Яго вінавацяць у датычнасьці да выкарыстаньня хімічнай зброі ва Ўкраіне і да распаўсюду дэзынфармацыі. Раней ЗША і іх хаўрусьнікі прыйшлі да высновы, што Расея выкарыстоўвала атрутнае рэчыва хлёрпікрын супраць украінскіх вайскоўцаў.
Форум