Некаторыя банкі, якія працуюць у Беларусі, зьмянілі асобныя правілы абслугоўваньня і прапанавалі новыя магчымасьці для кліентаў. Агенцтва «Позірк» правяло маніторынг актуальных банкаўскіх прэс-рэлізаў.
«Альфа Банк у Беларусі» зьмяніў валюту разьлікаў з плацёжнай сыстэмай Mastercard з кітайскіх юаняў на эўра.
Ліміты выдачы наяўных грошай ва ўласных банкаматах і касах па картках, эмітаваных банкамі-нерэзыдэнтамі, цяпер такія: «Банк БелВЭБ» — 49 базавых велічынь (1960 рублёў), «Банк ВТБ (Беларусь)» — 25 базавых велічынь (1000 рублёў), Банк «Рашэньне» — 24 базавых велічынь (960 рублёў), «Парытэтбанк» — 50 базавых велічынь (2000 рублёў), «Тэхнабанк» — 1990 рублёў.
«Белаграпрамбанк» цяпер патрабуе паказваць дакумэнт, які пацьвярджае асобу, пры залічэньні праз касы наяўных сродкаў на бягучы (разьліковы) рахунак фізычнай асобы.
«Беларусбанк» да 30 чэрвеня 2025 году праводзіць акцыю для карпаратыўных кліентаў «Заробак за адну капейку». На працягу шасьці месяцаў можна пералічваць заробак і прыраўнаныя да яго плацяжы (асабістага даходу ІП) на адкрытыя ў «Беларусбанку» рахункі фізычных асоб за 1 капейку. Для гэтага неабходна адкрыць у банку рублёвы рахунак, падключыць яго да аднаго з прапанаваных пакетаў паслуг і заключыць адпаведную дамову.
«Белінвэстбанк» увёў камісію на выдачу ва ўласных пунктах наяўных сродкаў па картках іншых банкаў: у беларускіх рублях — 3,5% сумы; па картках банкаў-рэзыдэнтаў і па картках банкаў-нерэзыдэнтаў у замежнай валюце — 10%.
«Неа Банк Азія» зноў аказвае паслугу адпраўкі і атрыманьня пераводаў у беларускіх рублях праз сыстэму «Залатая карона». Паслуга не аказвалася з 26 лістапада.
«Сбер Банк (Беларусь)» з 26 сьнежня спыняе дзейнасьць, зьвязаную з эмісіяй электронных грошай сыстэмы ePay.
«Цэптэр Банк» прыпыніў магчымасьць здымаць наяўныя грошы ва ўласных касах і банкаматах з выкарыстаньнем картак, выпушчаных банкамі-нерэзыдэнтамі.
- На 1 лістапада 2024 году ў краіне зарэгістраваныя 22 банкі (адзін зь іх — «Дэльта Банк» — цяпер у стадыі банкруцтва).
- Прыбытак банкаў на 1 кастрычніка 2024 году склаў 2 млрд 842,3 млн рублёў — на 32% больш, чым на аналягічную дату 2023 году (2 млрд 152,6 млн).
Форум