Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусбанк» і яшчэ два банкі паднялі стаўкі па крэдытах на нерухомасьць


Аддзяленьне «Беларусбанка», архіўнае ілюстрацыйнае фота
Аддзяленьне «Беларусбанка», архіўнае ілюстрацыйнае фота

Некалькі беларускіх банкаў павысілі працэнтныя стаўкі па крэдытах на куплю або будаўніцтва жытла. Расказваем, наколькі яны вырасьлі.

«Беларусбанк» з 3 сьнежня павысіў працэнтныя стаўкі па крэдытах на нерухомасьць. Так, працэнтная стаўка па крэдыце «Іпатэка Экспрэс», якую даюць на куплю гатовага жытла, вырасла з 16% да 17% гадавых. Для тых, хто стаіць у чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў, стаўка засталася на ранейшым узроўні — 12,5% гадавых.

Да гэтага банк падвышаў стаўку па крэдыце «Іпатэка экспрэс» сёлета ў верасьні: тады яна вырасла з 15 да 16% гадавых.

Таксама на адзін працэнтны пункт вырасьлі стаўкі па крэдыце «Іпатэка з намі», які «Беларусбанк» выдае на будаўніцтва жытла ў рамках партнэрскіх праграм: пры будаўніцтве жытла з партнэрамі банка («УКБ Захад» і іншыя) стаўка ў асноўным пэрыядзе будзе 16% замест 15%, пры будаўніцтве з камэрцыйнымі забудоўнікамі — 16,4% гадавых замест 15,4%.

«Белінвэстбанк» павысіў стаўкі па крэдыце «На нерухомасьць», які прадугледжвае куплю і будаўніцтва жытла на агульных падставах — з 15,99% да 17,71% гадавых. Крэдыт «Нерухомасьць ад партнэра» (напрыклад, «Менскбуд») пасьля льготнага пэрыяду таксама абыдзецца ў 17,71% гадавых замест 15,99%.

«МТБанк» падняў працэнтную стаўку па крэдытах «Шчасьлівыя ў месцы (на гатовае жытло ад забудоўніка)» і «На гатовае жытло ад забудоўніка (партнэрскія прапановы)». Стаўка вырасла на 0,44% да 15,84% гадавых для партнэрскіх прапановаў у клюбным доме «Маяк» і квартале «Аўгустоўскі».

З чым зьвязанае павышэньне ставак па крэдытах на нерухомасьць, банкі не ўдакладнялі. Разьліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР, яны вызначаюць верхнія межы для ставак па крэдытах) Нацыянальны банк Беларусі не падвышаў са жніўня 2024 году. На сьнежань яны ўстаноўленыя фінансавым рэгулятарам на наступным узроўні:

  • для новых крэдытаў, прадастаўленых юрыдычным асобам (за выключэньнем ільготных) — 12,5%,
  • для новых крэдытаў, прадастаўленых фізычным асобам (за выключэньнем ільготных) — 17,71%.

Такім чынам, цяперашнія падвышаныя стаўкі па крэдытах на нерухомасьць ушчыльную наблізіліся да гранічна дапушчальнага ўзроўню, вызначанага Нацбанкам. Банк мае права ўстанавіць больш высокія працэнты па сваіх крэдытах, чым устаноўленыя Нацбанкам РВСР, але ў гэтым выпадку патрабуюцца дадатковыя абгрунтаваньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG