Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакумэнт аб абароне Беларусі на 5 год распрацавалі з улікам пратэстаў 2020 году і вайны ва Ўкраіне


Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, архіўнае фота
Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, архіўнае фота

У Беларусі зацьвердзілі задуму абароны краіны на чарговую пяцігодку (2026–2030 гады), заявіў пасьля пасяджэньня Савету бясьпекі 12 сьнежня міністар абароны Віктар Хрэнін, яго цытуе БелТА.

Як адзначыў Віктар Хрэнін, зацьверджаную задуму абароны распрацавалі «на падставе глыбокага аналізу падзеяў 2020 году і расейскай спэцыяльнай ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне» (так улады Расеі і Беларусі называюць поўнамаштабную вайну Расеі супраць Украіны. — РС), а таксама з улікам зьменаў у Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі і Ваенную дактрыну Беларусі.

Паводле міністра абароны Беларусі, цяпер стаіць задача «больш дэталёва заняцца плянаваньнем, вызначыць ролю і месца кожнага дзяржаўнага органа і аж да таго, што кожнага грамадзяніна нашай краіны, у забесьпячэньні абароны дзяржавы». Мэта, паводле міністра, — «стварыць умовы недапушчэньня ваеннай агрэсіі і ўцягваньня Беларусі ў вайну, а ў выпадку, калі гэта адбудзецца, даць надзейны адпор».

Як патлумачыў начальнік Генштабу Ўзброеных Сіл — першы намесьнік міністра абароны Павал Муравейка, гэтая задума — сыстэмны дакумэнт, які зьяўляецца падмуркам стратэгічнага плянаваньня абароны Беларусі. У ім прадстаўленыя наступныя асноўныя напрамкі:

  • зьніжэньне ўзроўню ваеннай небясьпекі і перадухіленьне ваенных канфліктаў (дзеяньні ў палітычнай, эканамічнай, інфармацыйнай і вайсковай сфэрах для таго, каб гэта забясьпечыць),
  • падрыхтоўка дзяржавы да абароны, якая ахоплівае ўсе сфэры, ад эканамічнай да вайсковай,
  • варыянты збройнай абароны Беларусі пры розных канфліктах,
  • пытаньні падрыхтоўкі эканомікі Беларусі і дзяржавы ў цэлым да функцыянаваньня ва ўмовах ваенных дзеяньняў,
  • падтрыманьне міжнароднага міру і бясьпекі, ліквідацыя розных праяваў, якія могуць паўплываць на бясьпеку Беларусі.

Паводле Муравейкі, у дакумэнце вызначаны комплекс мераў і дзяржаўныя органы, якія будуць іх рэалізоўваць. «Гэта ўсё ў далейшым зьменіцца ў плян абароны Беларусі», — рэзюмаваў начальнік Генштабу.

Муравейка дадаў, што пасьля ажыцьцяўленьня плянаваньня разгледзяць пытаньне зьмены выдаткаў на абарону. «Зьявяцца адпаведныя сумы, і будзе створаная праграма мэтавага мэтаду плянаваньня, якая дасьць магчымасьць дакладна рэглямэнтаваць і разьмеркаваць бюджэт для рэалізацыі гэтых задач», — дадаў ён.

  • Нягледзячы на дэфіцыт бюджэту на 2025 год, у ім прадугледжаны рост выдаткаў на абарону і сілавікоў. У параўнаньні з 2024 годам выдаткі на абарону павялічваюцца на 1 млрд 150 млн рублёў. Выдаткі на нацыянальную абарону заплянаваныя ў памеры 4 млрд 730 млн рублёў, зь якіх 4 млрд 470 млн рублёў пойдзе на абарону і Ўзброеныя сілы, каля 145 млн рублёў — на мабілізацыйную падрыхтоўку і мабілізацыю. На судовую ўладу, праваахоўную дзейнасьць і бясьпеку будзе вылучана 5 млрд 344 млн рублёў.
  • Сёлета ў рамках мадэрнізацыі і пераўзбраеньня ў ВПС і войскі СПА паступіла больш за 40 узораў узбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі, паведаміў 11 сьнежня камандуючы ВПС і войскамі СПА Ўзброеных сіл Андрэй Лук’яновіч. У лютым намесьнік міністра абароны Беларусі па ўзбраеньні Андрэй Федзін казаў, што ў 2023 годзе на ўзбраеньне прынята больш за 70 розных узораў узбраеньня і тэхнікі, сярод іх — ударныя верталёты Мі-35М, ракетны комплекс В-300 «Палянэз-М», апэратыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М», зэнітны ракетны комплекс «Тор-М2».
  • Пасьля таго як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў, у Беларусі няспынна праходзяць розныя вайсковыя вучэньні, трэніроўкі, зборы.
  • У канцы красавіка 2024 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расея разьмясьціла ў Беларусі некалькі дзясяткаў ядзерных боепрыпасаў. Праўда, экспэрты кажуць, што няма пераканаўчых доказаў разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі.
  • На наступны год заплянаваныя буйныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025», таксама Беларусь і Расея падпісалі «больш за 160 дамоваў аб правядзеньні сумесных мерапрыемстваў у вайсковай сфэры ў 2025 годзе».
  • 21 лістапада Лукашэнка прапанаваў разьмясьціць у Беларусі «Арэшнік» — новую расейскую ракету сярэдняй далёкасьці, здольную несьці ядзерную зброю. Паводле заяваў Пуціна, гэта павінна адбыцца ў другой палове 2025 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG