— Навошта шэсьць кандыдатаў у прэзыдэнты, якія самі за Лукашэнку?
— Думаю, гэта «пацешныя гульні» дыктатара. Яны пачаліся зь мінулай тайнай інаўгурацыі, калі ён упэўніўся, што канчаткова страціў давер «народца».
Вядома, ніхто добраахвотна ня хоча ў турму (а канкурэнт на выбарах у нас — шлях за краты), ніхто ў цьвярозым розуме не наважыцца паставіць подпіс за такога канкурэнта, ніхто ня будзе лічыць галасы. Таму выглядае ўсё на пацеху старшыні калгасу, які прымусіў сялян граць ролю ягоных канкурэнтаў, за што (яны гэта ведаюць) будуць бітыя ці забітыя, і маюць адзіны спадзеў — на ягоную літасьць.
— Чаму Лукашэнка загаварыў пра Нобэлеўскую прэмію для Трампа?
— Нобэлеўская прэмія — гэта найвышэйшая ступень легітымацыі асобы, якую прызнае ўвесь сьвет. Такая, як перамога на выбарах прэзыдэнта ЗША, якая дасягаецца надзвычайнымі высілкамі. Такім чынам Лукашэнка прызнаў тры рэчы: ён усьведамляе вагу Нобэлеўскай прэміі Алеся Бяляцкага, якога трымае за кратамі; ён разумее сваю нелегітымнасьць як прэзыдэнта; ён разглядае Бяляцкага ў турме — як пэўную «адваротную легітымацыю» для самога сябе. То бок, вярнуць давер народу ён ня можа, але маючы набіліянта ў турме, ён быццам становіцца на адзін узровень з Трампам.
— Чаму паліцыя ў Літве не знаходзіць вінаватых у начных нападах на месцы, дзе зьбіраюцца беларусы?
— Сапраўды, абразьлівыя надпісы на сьценах, падпаленыя дзьверы, прастрэленыя вокны... Інцыдэнты настолькі ж крыўдныя для беларусаў, наколькі не зразумелыя для літоўскіх праваахоўнікаў. У Літве звычайна ня ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, пра вайну рэжыму з грамадзянскай супольнасьцю, у тым ліку і з тымі, хто выехаў за мяжу. Літоўцы проста не разумеюць, як такое можа быць. Таму інцыдэнты падаюцца ім нязначнымі.
— Ці будуць супрацоўнікі з рэжымам калісьці названыя калябарантамі — як падчас мінулай вайны?
— Калябарант — гэта і ёсьць супрацоўнік. Але ў сьпісе ўсіх чалавечых грахоў і злачынстваў такога — «супрацоўніцтва» — няма. Таму сама калябарацыя ня ёсьць ані грэх, ані злачынства. Калі чалавек апынуўся у такой, часта вымушанай сытуацыі, сэнс маюць толькі ягоныя ўласныя канкрэтныя ўчынкі, а ня слова, ператворанае ў кляймо. Грахі і злачынствы маюць іншыя назвы.
— Чаму людзі выбіраюць часьцей глядзець дрэнныя навіны, а ня добрыя?
— Тут не пытаньне выбару. Дрэнных навін у Беларусі, якія непасрэдна ці апасродкавана тычацца беларусаў, сёньня нашмат болей, чым пазытыўных. Прычына і ў палітыцы, і ў самой грамадзкай атсмасфэры, калі зрабіць камусьці кепска выдаецца за норму, а ўсялякая, нават дробная прыемнасьць выглядае падазрона. Адсюль гэтае напружаньне паміж людзьмі і насьцярожанае чаканьне крыкаў з тэлевізара ці зь дзяржаўных газэт. Дзяржава ўсё больш адварочваецца ад чалавека.
— Чаму ў Беларусі за экстрэмізм караюць «ганаровых грамадзян» гарадоў ці раёнаў?
— Да апошніх выбараў Лукашэнкі 2020 году ганаровымі грамадзянамі называлі найбольш актыўных людзей з выразнай жыцьцёвай пазыцыяй і ўласнай думкай, якія імкнуцца быць інфармаванымі (то бок чытаюць рэальныя СМІ, якія цяпер прызнаныя экстрэмісцкімі) і аб’ектыўна выступаюць за дэмакратычныя каштоўнасьці. Цяпер усё гэта стала лічыцца злачынствам.
— Чаму ў беларусаў няма эмпатыі да суайчыньнікаў? Катуюць у турмах, абражаюць, чыняць усякія прыкрасьці...
— На маю думку, трэба адрозьніваць беларусаў ад тых, што пачуваюцца расіянамі, не беларусамі. Мы бачым, як расіяне з аднолькавай лютасьцю забіваюць як украінцаў, так і сваіх суайчыньнікаў. Цяжка ў расіянаў знайсьці масавыя праявы салідарнасьці, чаго ў беларусаў мы маем мноства прыкладаў. Салідарнасьць — якраз тое, што адрозьнівае беларускую нацыю ад расейцаў як імпэрскага народу. Колеры нашай салідарнасьці і эмпатыі бел-чырвона-белыя.
— Больш за 1200 асуджаных за «абразу Лукашэнкі» — пра што гэта сьведчыць?
— Гэта перакулены сьвет, які немагчымы ў краінах, якія мы называем нармальнымі, дзе людзі рэальна выбіраюць уладу, а ўлада прыслухоўваецца да крытыкі, а не ваюе з «абразамі». У нашай рэальнасьці гэта сьведчыць пра слабасьць Лукашэнкі як палітыка, які ня мае падтрымкі народу, фальсыфікуе выбары, а ўсіх нязгодных з гэтым садзіць у турму.
— Навошта перад прыездам Пуціна цэнтар Менску ператвараюць у мёртвы горад?
— Тут, апроч іншага, ёсьць псыхалягічная прычына. Празьмерныя захады бясьпекі робяцца ад няўпэўненасьці ў сабе. Звычайна прыезд кіраўніка іншай краіны вітаюць радасныя натоўпы людзей, ствараецца атмасфэра сьвята. Але тут адваротны выпадак, Пуціну людзі не патрэбныя, ні свае, ні чужыя. І мы гэта не аднойчы бачылі. Яму падабаецца пустата. Ён пачувае сябе гаспадаром тэрыторыяў, пустых гарадоў, дзе няма жыцьця. Мабыць, у немалой ступені гэтая няўпэўненасьць стала прычынай яго бессэнсоўнага нападу на Ўкраіну.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669
Форум