Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінімум 11 палітвязьняў з інваліднасьцю застаюцца за кратамі ў Беларусі


Палітвязень з інваліднасьцю Ўладзімер Гундар
Палітвязень з інваліднасьцю Ўладзімер Гундар

Такую статыстыку падалі беларускія праваабаронцы ў Міжнародны дзень людзей з інваліднасьцю.

Трэцяга сьнежня адзначаецца Міжнародны дзень людзей з інваліднасьцю. Ён быў абвешчаны ААН у 1992 годзе для павышэньня абазнанасьці і вызначэньня мер, каб палепшыць сытуацыю людзей з інваліднасьцю і забясьпечыць іх роўнымі магчымасьцямі зь іншымі людзьмі.

Людзі з інваліднасьцю — асобная ўразьлівая група ў месцах зьняволеньня. Каб у поўнай меры камунікаваць з навакольным асяродзьдзем, ім патрэбныя дадатковыя ўмовы, бо ўтрыманьне ў зьняволеньні ўспрымаецца для чалавека больш жорсткім. Для гэтых людзей такія ўмовы часьцей аказваюцца катаваньнямі, чым для іншых.

У зьняволеньні ў Беларусі сёньня мінімум 11 чалавек з інваліднасьцю. Так, інваліднасьць мае Аляксандар Кісель, які стаіць на ўліку ў псыхіятра ад самага нараджэньня. Яго накіравалі на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычны стацыянар.

Аксана Ляўшова мае захворваньне ног, ня можа самастойна перамяшчацца, мае інваліднасьць. Яе асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі.

Таксама інваліднасьць маюць архітэктар Аляксей Парэцкі, мастак Канстанцін Прусаў, стрыечны брат прадстаўніка палку Каліноўскага Сяргей Франчук. Уладзімер Гундар — грамадзкі дзяяч і краязнаўца з Баранавічаў, у яго інваліднасьць другой групы, ён ня мае нагі. Гундара асудзілі на 20 гадоў пазбаўленьня волі. Некаторыя людзі з інваліднасьцю выйшлі на волю пасьля шэрагу хваляў памілаваньня, якія адбыліся ў 2024 годзе.

«Я лічу, што гэта добра для людзей, якія вызваліліся, аднак гэта мае і іншы прагматычны чыньнік, — сказаў „Вясьне“ дырэктар Офісу ў правах людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі. — Нават уладам стала зразумела, што ім не патрэбна, каб людзі паміралі ў турмах, таму яны і пачалі выпускаць людзей з інваліднасьцю.

Аднак нельга сказаць, што сёлета мы ўбачылі паслабленьне рэпрэсій у дачыненьні да іх: людзі з усімі рысамі чалавека з інваліднасьцю, нават калі яны ня маюць адпаведнага пасьведчаньня, сёньня па-ранейшаму трапляюць пад рэпрэсіі. Нягледзячы на вызваленьне адных, новыя людзі апынаюцца за кратамі. Хаця, безумоўна, маштабы рэпрэсій значна меншыя ў параўнаньні з агульнымі маштабамі. Гэта адбываецца праз тое, што ўлады ня хочуць браць на сябе нешта лішняе: у іх ёсьць сваё разуменьне, што гэта слабыя людзі, якіх лёс і так пакараў».

Людзі з інваліднасьцю, якія апынуліся пад рэпрэсіямі, могуць зьвярнуцца ў Офіс у правах людзей з інваліднасьцю праз афіцыйныя каналы. Офіс кантактуе з усімі праваабарончымі арганізацыямі і дамагаецца, каб асаблівыя патрэбы людзей улічваліся.

Унутры Беларусі сёньня няма спэцыялізаваных праваабарончых арганізацый, якія займаліся б правамі людзей з інваліднасьцю. Таму варта разьлічваць на арганізацыі за мяжой, якія працуюць у гэтым кірунку.

Яшчэ адна група, зь якой працуе Офіс, — людзі з інваліднасьцю ў вымушанай палітычнай эміграцыі. Драздоўскі адзначае, што яны знаходзяцца ў розных краінах у розным стане фізычнага і псыхалягічнага здароўя, бо на гэта ўплываюць, сярод іншага, заканадаўчыя нормы ў розных краінах.

Таксама Сяргей Драздоўскі падкрэсьліў, што ў Беларусі павялічваецца разрыў паміж рознымі катэгорыямі людзей з інваліднасьцю. Калі вобразам адных людзей актыўна карыстаюцца на старонках прадзяржаўных мэдыя, каб падкрэсьліць станоўчыя зьмены ў іх жыцьці, то ў той жа час іншыя пачалі яшчэ больш зьнікаць «з экранаў».

У час 31-й сэсіі Камітэту ў правах людзей з інваліднасьцю разглядаўся Даклад грамадзянскай супольнасьці аб становішчы людзей з інваліднасьцю ў Беларусі. У зьняволеньні ёсьць людзі з афіцыйным статусам інваліднасьці, тыя, хто пакутуе на хранічныя захворваньні, і тыя, хто атрымаў інваліднасьць падчас свайго зьняволеньня.

«Доступ палітычных зьняволеных да неабходных мэдыкамэнтаў і мэдычных паслуг істотна абмежаваны. Матэрыяльныя ўмовы ў турмах не прыстасаваныя для асоб з інваліднасьцю, а просьбы аб разумных прыстасаваньнях і сацыяльнай падтрымцы рэгулярна адхіляюцца. Сем’ям палітычных зьняволеных з інваліднасьцю або хранічнымі захворваньнямі неафіцыйна рэкамэндуецца хаваць палітычную матывацыю затрыманьня, каб мінімізаваць шанцы на віктымізацыю і рэпрэсіі, а таксама пазьбегнуць перашкод для наведваньня сваіх блізкіх у турмах», — гаварылася ў дакладзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG