Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны ААН не дасягнулі пагадненьня аб скарачэньні плястыку, супраць выступілі Расея, Іран, Саудаўская Арабія


Пратэст актывістаў перад пачаткам саміту ў Пусане, 25 лістапада 2024
Пратэст актывістаў перад пачаткам саміту ў Пусане, 25 лістапада 2024

Штогод чалавецтва вырабляе каля 400 мільёнаў тон плястыкавых адыходаў.

Краіны ААН не змаглі дасягнуць пагадненьня аб скарачэньні вытворчасьці плястыку з прычыны пазыцыі краін-нафтаздабытчыц. Пра гэта паведамляе выданьне Politico.

Перамовы ішлі ўвесь мінулы тыдзень у паўднёвакарэйскім партовым горадзе Пусане. Саміт стаў кульмінацыяй двухгадовага абмеркаваньня — чакалася, што ўгода адбудзецца і стане адной з самых шматбаковых.

Больш за сотню краін падтрымалі прапанову Панамы абмежаваць плястык да «ўстойлівых узроўняў». Аднак краіны, якія здабываюць нафту, зь якой вырабляецца 90% плястмасаў, адмовіліся ўдзельнічаць у пагадненьні.

Па словах трох крыніц Politico, пагадненьне сарвала Саудаўская Арабія, якая каардынавала намаганьні краін-нафтаздабытчыц у адмове ад любых прапаноў аб скарачэньні плястыку. Вядома, што ў «плястыкавую кааліцыю» ўвайшлі таксама Іран і Расея, якія разам з партнэрамі зацягвалі перамовы ўсе два гады. Саудаўскія і расейскія прадстаўнікі адмовіліся камэнтаваць выданьню сваю пазыцыю.

Штогод чалавецтва вырабляе каля 400 мільёнаў тон плястыкавых адыходаў. Зь іх, паводле розных ацэнак, ад 9 да 14 мільёнаў тон трапляе ў акіян. Жывёлы праглынаюць плястык зь ежай, што прыводзіць да іх хвароб і сьмерцяў. У 2023 годзе навукоўцы ўпершыню дыягнаставалі ў птушак плястыкоз — фіброз страўніка, выкліканы выключна праглынаньнем плястыку.

Мікраплястык уздымаецца з паверхні акіяна, разносіцца па плянэце, трапляе ў ваду і ежу. Навукоўцы падлічылі, што за тыдзень сярэдні чалавек на Зямлі «зьядае» плястыкавую банкаўскую картку. За апошнія гады мікраплястык выявілі ў крыві, спэрме і грудным малацэ чалавека. Пры цяперашніх тэмпах вытворчасьць плястыку можа патроіцца да 2050 году.

Нягледзячы на правал цяперашняй угоды, многія краіны і арганізацыі спадзяюцца, што пагадненьне аб абмежаваньні вытворчасьці плястыку ўсё ж такі будзе дасягнутае, няхай і пазней. Аб наступным раўндзе перамоваў пакуль нічога не вядома.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG