Прэм’ер-міністар Ба Уры сказаў, што цісканіна на мерапрыемстве ў нядзелю прывяла да вялікай колькасьці ахвяр, і заклікаў да спакою. Адзін лекар, які не захацеў быць названым, сказаў агенцтву AFP, што ў мясцовай лякарні застаюцца некалькі целаў, а морг перапоўнены.
Мясцовыя СМІ паведамляюць, што паліцыя выкарыстала сьлёзацечны газ пасьля таго, як прыхільнікі гасьцявой каманды зь Лябэ ў гневе на арбітра кідалі ў яго камяні.
Афіцыйных зьвестак пра ахвяраў пакуль няма.
«Усё пачалося са спрэчнага рашэньня арбітра. Потым фанаты ўварваліся на поле», — сказаў адзін зь відавочцаў AFP.
Відэа і выявы ў сацыяльных сетках паказваюць хаатычныя сцэны за межамі стадыёна: вялікія натоўпы людзей спрабуюць пералезьці цераз сьцены і мноства целаў на зямлі.
Нядзельны паядынак «Нзэрэкорэ» і «Лябэ» быў часткай турніру ў гонар прэзыдэнта Мамадзі Думбуя, які захапіў уладу ў выніку дзяржаўнага перавароту ў верасьні 2021 году, піша MediaGuinee.
Адна з найвялікшых трагедый у гісторыі Гвінэі таксама адбылася на стадыёне. У 2009 годзе 156 чалавек былі забітыя пасьля таго, як войскі адкрылі агонь па мітынгу апазыцыі на стадыёне ў сталіцы краіны Канакры.
Многія былі застрэленыя, зарэзаныя нажамі, зьбітыя або раздушаныя ў цісканіне, калі сілы бясьпекі выпусьцілі сьлёзацечны газ і кінуліся на стадыён. Акрамя таго, дзясяткі жанчын былі згвалтаваныя.
BBC дадае, што былы вайсковы кіраўнік Муса Дадзіс Камара нядаўна быў асуджаны да 20 гадоў пазбаўленьня волі за злачынствы супраць чалавечнасьці ў сувязі з той расправай.
Форум