Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авіяцыя Расеі ўпершыню з 2016 году наносіць удары па сырыйскім Алепа, аэрапорт і дарогі ў горад закрылі


Паўстанцы ў правінцыі Алепа, 29 лістапада 2024 году
Паўстанцы ў правінцыі Алепа, 29 лістапада 2024 году

Расейская ваенная авіяцыя ўпершыню з 2016 году нанесла авіяўдары па горадзе Алепа і прылеглых да яго раёнаў, захопленых паўстанцамі, якія ваююць супраць урадавых войскаў прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, паведамляюць агенцтвы AFP і Reuters са спасылкай на вайсковыя крыніцы.

Бамбаваньні прайшлі ўвечары 29 лістапада і ў ноч на 30 лістапада, удакладнілі суразмоўцы агенцтваў. Паводле Reuters, расейскія і сырыйскія самалёты сумесна бамбавалі сілы паўстанцаў-ісламістаў, якія занялі пазыцыі ў прыгарадзе Алепа і ў самім горадзе. Расейскія вайскоўцы пацьвердзілі, што наносяць авіяўдары па пазыцыях баевікоў, якія наступаюць у сырыйскіх правінцыях Алепа і Ідліб.

У паведамленьні Reuters адзначаецца, што бамбардаваньні закранулі таксама іншыя гарады і менш буйныя населеныя пункты, якія праціўнікі Асада пасьпелі захапіць падчас свайго раптоўнага наступу з 27 лістапада.

Сірыйскія ўлады закрылі аэрапорт Алепа і ўсе дарогі, якія вядуць у горад, распавялі Reuters крыніцы.

Паўстанцы сьцьвярджаюць, што па стане на 30 лістапада дасягнулі цэнтру Алепа. Баевікі сырыйскай суніцкай радыкальнай групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам» і іх саюзьнікі падчас хуткага наступу захапілі як мінімум палову тэрыторыі горада, паведаміла Сырыйская назіральная рада па правах чалавека. Паводле яе кіраўніка Абдэля Рахмана, урадавыя войскі Сырыі пакінулі горад практычна без супраціву.

Праціўнікі Асада на гэтым тыдні пачалі буйны наступ на паўночным захадзе Сырыі. За тры дні, паводле зьвестак агенцтва Anadolu, узброеныя групоўкі захапілі больш за 70 населеных пунктаў і пазыцый у правінцыях Алепа і Ідліб. У прыватнасьці, пад іх кантроль перайшоў стратэгічна важны горад Саракіб, які знаходзіцца ў Ідлібе і разьмешчаны на трасе, якая злучае Дамаск і Алепа.

Напярэдадні сырыйскае войска паведаміла, што аднавіла кантроль над некаторымі пазыцыямі ў правінцыях Алепа і Ідліб, захопленых узброенымі групоўкамі.

Масква, паводле шэрагу паведамленьняў, паабяцала Дамаску дадатковую ваенную дапамогу, каб перашкодзіць паўстанцам. Новая тэхніка, як адзначаецца, пачне прыбываць у найбліжэйшыя 72 гадзіны.

  • Рэжым Асада ў Сырыі падтрымліваюць Іран, Расея і лібанская радыкальная групоўка «Хэзбала», прызнаная тэрарыстычнай у ЗША.
  • Цяперашні наступ паўстанцаў узначальвае ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам», прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і іншых краінах. Маштабнае прасоўваньне апазыцыйных Асаду фармаваньняў пачалося на паўночным захадзе Сырыі, у правінцыях Алепа і Ідліб, у дзень, калі ў суседнім Лібане набыло сілу пагадненьне аб спыненьні агню паміж праіранскай «Хэзбалой» і Ізраілем. За апошнія тры дні супернікі Асада ўзялі пад свой кантроль дзясяткі вёсак і гарадоў, адзначае AP.
  • У Расеі, аднаго з ключавых саюзьнікаў Башара Асада, у Сырыі ёсьць авіябаза на аэрадроме «Хмэймім» і база ВМФ у порце Тартус. У міжземным моры на сталай аснове дзейнічае расейская эскадра. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях у Сырыі з 2015 году, калі самалёты ВКС Расеі пачалі бамбаваць пазыцыі супернікаў Асада ў грамадзянскай вайне. Пры бамбаваньнях Алепа, паводле шматлікіх паведамленьняў, загінула мноства мірных жыхароў. Пры падтрымцы Расеі і Ірану сырыйскім урадавым войскам удалося ўзяць пад кантроль большую частку тэрыторыі краіны. Перамір’е, заключанае пры ўдзеле Расеі і Турэччыны, дзейнічала з 2020 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG