Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча прапанавала ўвесьці на ўзроўні Эўразьвязу 30-працэнтнае мыта на імпарт угнаеньняў зь Беларусі і Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Польшча мае намер дамагацца ўвядзеньня Эўразьвязам 30-працэнтнага мыта на імпарт угнаеньняў зь Беларусі і Расеі, піша РАР. З просьбай падаць у Эўракамісію адпаведную заяўку Міністэрства дзяржаўнай маёмасьці Польшчы зьвярнулася да Міністэрства разьвіцьця і тэхналёгіяў, а апошняе «распачало дыпляматычныя дзеяньні ў гэтым пытаньні», паведамляе money.pl.

Выданьне money.pl прыводзіць афіцыйныя статыстычныя зьвесткі, згодна зь якімі за сем месяцаў 2024 году Польшча імпартавала зь Беларусі 185,5 тысячы тон угнаеньняў, а за той жа пэрыяд 2023 году — 13,4 тысячы тон. За год імпарт вырас амаль у 14 разоў. З Расеі Польшча імпартавала 721,5 тысячы тон угнаеньняў (рост у 2,9 раза; летась было 246,7 тысячы тон).

Пры гэтым чыстыя страты польскага вытворцы ўгнаеньняў Grupa Azoty ў першым паўгодзьдзі 2024 году склалі 748 мільёнаў злотых (каля 187 млн даляраў). У кампаніі зьвяртаюць увагу на тое, што «ўгнаеньні з Расеі і Беларусі вырабляюцца са значна меншымі выдаткамі на газ і не абкладаюцца ніякім імпартным мытам у выніку дзеяньня сыстэмы ETS, якая функцыянуе ў Эўразьвязе».

«Рост імпарту з Расеі і Беларусі азначае, што Эўразьвяз становіцца па-сапраўднаму залежным ад угнаеньняў з гэтых напрамкаў. Мы ўжо назіраем, што цэны на імпартаваныя ўгнаеньні наўмысна заніжаюцца, каб істотна аслабіць рынак і, як вынік, пазыцыі вытворцаў ЭЗ», — канстатуе польскі вытворца. Усё гэта, мяркуе кампанія, можа мець наступствы для харчовай бясьпекі Эўразьвязу.

7 кастрычніка паведамлялася, што Беларусь па выніках першага паўгодзьдзя знаходзіцца на трэцім месцы паводле аб’ёму паставак у Польшчу азотных угнаеньняў, саступаючы Расеі і Нямеччыне, але апярэджваючы Літву, Альжыр, Вугоршчыну, Нідэрлянды, Казахстан і Нігерыю, піша «Позірк».

Беларускія камбінаваныя ўгнаеньні ў студзені — чэрвені 2024 году занялі шостую пазыцыю на польскім рынку, саступіўшы Марока, Расеі, Фінляндыі, Нідэрляндам і Літве, але апярэдзіўшы Нарвэгію.

Што да калійных угнаеньняў, іх найбуйнейшымі пастаўшчыкамі на польскі рынак у першым паўгодзьдзі сталі Нямеччына, Расея, Канада, Вялікая Брытанія, Кітай, Гішпанія, Іярданія і Ізраіль. Адсутнасьць Беларусі ў гэтым сьпісе, мяркуючы па ўсім, зьвязаная зь дзейнымі эўрапейскімі санкцыямі.

У цэлым доля беларускіх мінэральных угнаеньняў на польскім рынку ў першым паўгодзьдзі 2024 году склала 6,9%, гэта чацьвёрты паказчык пасьля Расеі (29,2%), Нямеччыны (20,8%) і Літвы (7,6%). За Беларусьсю ідуць Марока (4,9%) і Нідэрлянды (4,1%).

Раней польскія прадстаўнікі галіны ўгнаеньняў папярэджвалі, што далейшае павелічэньне імпарту ўгнаеньняў зь Беларусі і Расеі можа прывесьці да выцясьненьня айчынных вытворцаў з рынку і паўтарэньня г. зв. «ірляндзкага варыянту», пры якім пасьля ліквідацыі ўласнай вытворчасьці адбыўся значны рост цэнаў на ўгнаеньні.

Агенцтва Bloomberg 25 кастрычніка са спасылкай на крыніцы паведаміла, што шэраг краін Эўразьвязу прапануюць увесьці новае мыта на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі зь Беларусі і Расеі. У матэрыяле гаварылася, што некалькі краінаў ЭЗ, «якія імкнуцца абмежаваць даходы Масквы», заклікаюць «увесьці маштабнае мыта на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі і рыбы з Расеі і Беларусі на дадатак да ўсталяванага больш высокага мыта на збожжавыя прадукты». «Паводле людзей, знаёмых са зьместам перамоваў, удар можа закрануць і вытворцаў угнаеньняў», — гаварылася ў публікацыі.

  • На пачатку сакавіка прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў пра намер ініцыяваць увядзеньне «поўных санкцыяў» на ўвоз у Эўразьвяз сельскагаспадарчых і харчовых тавараў зь Беларусі і Расеі.
  • 18 красавіка Эўрапейская рада ухваліла мыта на ўвоз у ЭЗ беларускіх і расейскіх збожжавых, алейных і прадуктаў іх перапрацоўкі, уключаючы пшаніцу, кукурузу і сланечнікавы шрот. Пры гэтым Эўрапейская рада заклікала ЭЗ і Эўракамісію працягнуць працу па ўвядзеньні дадатковага мыта.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG