Працу над гульнёй завяршылі ўжо ў Празе, расказаў генэральны дырэктар студыі GSC Game World Яўген Грыгаровіч журналістам Настоящего Времени.
«Многія лякацыі з сапраўднай чарнобыльскай зоны»
Падзеі S.T.A.L.K.E.R. 2 разгортваюцца ў альтэрнатыўнай рэальнасьці, асновай для якой служыць рэальная тэрыторыя чарнобыльскай зоны адчужэньня. Паводле сюжэту, тэрыторыю атамнай станцыі пасьля катастрофы 1986 году не закансэрвавалі, а зрабілі там палігон для сакрэтных выпрабаваньняў, і празь дзесяцігодзьдзі зона зьмянілася ды стала яшчэ больш небясьпечнай.
«Многія лякацыі ўзятыя з сапраўднай чарнобыльскай зоны: шмат адчуваньняў і атмасфэра менавіта адтуль. Гэта стралялка ад першай асобы зь вялізным адкрытым абшарам, у якой шмат увагі ўдзяляцца сюжэту. Там ёсьць розныя канцоўкі, і да чаго ўсё прывядзе, залежыць ад рашэньняў, якія прымае гулец», — расказаў Грыгаровіч.
Прадстаўнік студыі адзначыў, што не хацеў бы выдзяляць вайну як «нешта, што было цяжкім у працэсе распрацоўкі».
«Вайна застаецца чыньнікам, які ўплывае на нашы жыцьці і на зьвязаныя з гэтым цяжкасьці. Але не на працэс стварэньня гульні», — падкрэсьліў дырэктар.
Першую версію шутэра Shadow of Chernobyl («Цень Чарнобыля») кіеўская кампанія GSC Game World выпусьціла ў 2007 годзе. Сэрыю гульняў стварылі ад першай асобы на аснове аповесьці савецкіх пісьменьнікаў-фантастаў Аркадзя і Барыса Стругацкіх «Пікнік на ўзбочыне», але, у адрозьненьне ад літаратурнага твору, дзеяньне гульні адбываецца ў альтэрнатыўнай вэрсіі зоны адчужэньня Чарнобыльскай АЭС.
Новая сэрыя ўжо атрымала добрыя водгукі. «S.T.A.L.K.E.R. 2 — прэтэндэнт на званьне гульні году. Праўдападобна, яна ня толькі апраўдае чаканьні ад легендарнага папярэдніка, але і падыме франшызу на зусім новую вышыню», — пішуць крытыкі.
«Русафобскага зьместу пакуль не знайшлі»
У новым выпуску папулярнай у Беларусі, Украіне і Расеі гульні няма агучваньня на расейскай мове — аўтары дадалі толькі субтытры. А продажы ў Расеі і Беларусі афіцыйна забаранілі. Але гэта не галоўная праблема для карыстальнікаў адтуль: за куплю гульні ўкраінскай студыі расейцам на радзіме ўжо прыгразілі крымінальнай адказнасьцю. У якасьці прычын першы намесьнік старшыні камітэту Дзяржаўнай думы ў інфармацыйнай палітыцы Антон Гарэлкін назваў падтрымку УСУ распрацоўнікамі гульні і нібыта апраўданьне імі «экстрэмізму, тэрарызму і міжнацыянальнай варожасьці».
Пазьней дэпутат дадаў, што ў новым выпуску гульні «русафобскага зьместу пакуль не знайшлі», і расказаў аб прапановах, якія нібыта даслалі яму падпісанты «ачысьціць яе ад магчымага экстрэмізму, зрабіць расейскую агучку і прадаваць на VK Play, а сабраныя грошы накіроўваць на патрэбы СВА». Абрэвіятурай СВА («спэцыяльная ваенная апэрацыя») ў Расеі спрабуюць завуаляваць слова «вайна», якую краіна вядзе супраць суседзяў.
Пры гэтым ужо 24 сакавіка 2022 году «Роскомнадзор» заблякаваў на тэрыторыі Расеі сайт кампаніі GSC Game World, а ў канцы красавіка таго ж году — сайт самой гульні. У ведамстве растлумачылі, што «замест інфармаваньня карыстальнікаў аб гульні інтэрнэт-рэсурс выкарыстоўваўся для распаўсюду забароненай інфармацыі — заклікаў наведнікаў старонкі пераводзіць грашовыя сродкі для забесьпячэньня ўкраінскіх нацыяналістычных фармаваньняў (прызнаныя экстрэмістамі), якія вядуць баявыя дзеяньні супраць Узброеных сіл РФ».
Прычынай сталі адкрытыя студыяй зборы ў дабрачынны фонд «Повернись живим», які ў Расеі прызналі «непажаданым».
«Піраты» баяцца
Адсутнасьць гульцоў з Расеі наўрад ці адчувальна паўплывае на продажы. Згодна са зьвесткамі выдаўца Koch Media, яшчэ ў 2021 годзе сумарныя продажы гульні перавысілі 15 мільёнаў копій.
Пры гэтым, хоць фармальна купіць S.T.A.L.K.E.R. 2 у Расеі нельга, доступ магчымы пры наяўнасьці ўліковага запісу на гульнявой плятформе Steam з іншым рэгіёнам. Акрамя таго, гульню можна дастаць і пірацкім спосабам. Але адзін з найбуйнейшых падобных рэсурсаў ужо паведаміў аб тым, што ўзламанай гульні на сайце чакаць ня варта — мадэратары патлумачылі рашэньне асьцярогамі крымінальнага перасьледу.
Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны з Украінай ФСБ засяродзілася на перадухіленьні антываенных акцый. 23 лістапада 2022 году сілавікі застрэлілі ў Варонескай вобласьці дваіх нібыта «ўкраінскіх дывэрсантаў», якія спрабавалі падарваць аб’екты энэргетыкі. Як высьветлілі журналісты The Moscow Times, тэлеканал «Россия-1» выдаў сымбаль з гульні S.T.A.L.K.E.R. на відэа ФСБ за эмблему «ўкраінскіх нацыяналістаў», а «ўкраінцамі» аказаліся страйкбалісты з Варонежа.
У інтэрвію пракрамлёўскаму выданьню DailyStorm юрыст Міхаіл Мушаілаў папярэдзіў, што нават за пірацкі зьмест карыстальнікаў могуць прыцягнуць да адказнасьці:
«Калі асобу належным чынам апавясьцілі з адкрытых крыніц, што грашовыя сродкі з набыцьця гульні пойдуць на патрэбы Ўзброеных сіл Украіны, пакупнікамі могуць зацікавіцца сілавыя ведамствы».
Форум