Указ Лукашэнкі апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пазбавілі званьняў: падпалкоўніка юстыцыі запасу Алега Ёдка; маёра запасу — Андрэя Рэкеця, Антона Станкевіча, Іну Ўласавец; капітана запасу — Рамана Яроменку, Паўла Кавалерава, Юлію Матусевіч, Яўгена Мацкевіч, Дзьмітрыя Чарнаброўкіна; старшага лейтэнанта запасу — Руслана Асадулаева; прапаршчыка запасу — Аляксандра Дашчынскага, Івана Страшкевіча; старшыны запасу — Сяргея Барадзіна; палкоўніка ўнутранай службы запасу — Сяргея Сандалюка, падпалкоўніка міліцыі запасу — Генадзя Майсейчыка, маёра міліцыі запасу — Уладзімера Марцінкевіча, Міхаіла Залеўскага; старшага лейтэнанта міліцыі запасу — Аляксандра Ільіна, капітана юстыцыі запасу — Паўла Зініна, старшага лейтэнанта юстыцыі запасу — Антона Шыбута.
Усяго афіцэрскіх званьняў пазбавіўся 21 чалавек.
Прэс-служба Лукашэнкі патлумачыла рашэньне:
«У пэрыяд абвастрэньня грамадзка-палітычнага становішча ў 2020 годзе яны зьдзейсьнілі супрацьпраўныя дзеяньні, несумяшчальныя са статусам вайскоўца. У сувязі з гэтым кіраўнікі сілавых ведамстваў у вызначаным парадку ініцыявалі перад кіраўніком дзяржавы пытаньне аб пазбаўленьні гэтых асоб вайсковых і спэцыяльных званьняў».
Гэта трэці такі ўказ пасьля прэзыдэнцкіх выбараў-2020 і пратэстаў супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. 19 верасьня 2022 году па ўказе Лукашэнкі былі пазбаўлены вайсковых званьняў 76 чалавек, 4 траўня 2021 году — 86.
Згаданыя афіцэры ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 году супраць дыктатуры Лукашэнкі, або падтрымалі іх відэазваротамі і дзеяньнямі. Многія зь іх заклікалі былых і дзейных саслужыўцаў не парушаць Канстытуцыю і іншыя нормы закону Рэспублікі Беларусь і ня ісьці супраць свайго народу.
25 верасьня Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу ўхваліў законапраект, які сярод іншага прадугледжвае пазбаўленьне пэнсій «вэтэранаў сілавых структураў» у выпадку іх пераезду на месца жыхарства ў іншыя краіны.
Форум