Сьцісла:
- У 2020-м беларуская супольнасьць вызначалася ўжо ў каардынатах нацыянальнай дзяржавы.
- Дэмакратычныя каштоўнасьці і разнастайнасьць выяўляюцца праз нашу належнасьць да адной і той жа культурна-гістарычнай прасторы.
- Наш дэмакратычны суб’ект вельмі плюралістычны, разнастайны, у ім няма месца прымусу на ўзроўні нейкага аднаго бачаньня нацыянальнай ідэнтычнасьці.
— Нядаўна на фэстывалі «Прадмова» ў Варшаве адбылася прэзэнтацыя вашай кнігі «Салідарнасьць узрушаных. Эсэ па беларускай рэвалюцыі». У чым была ваша звышыдэя, галоўная мэта кнігі? Як лічыце, ці ўдалося яе дасягнуць?
— Вядома, адказ на гэтае пытаньне ў вялікай ступені залежыць ад таго, як чытачы ўспрымуць кнігу. Як удзельніцы тых падзеяў, якія я аналізавала, і як філёзафцы мне сапраўды падалося вельмі істотным апісаць гэта менавіта на філязофскай мове.
Бо гэта дазваляе нам засяродзіцца і, мабыць, сфармуляваць сутнасьць таго, што з намі адбылося. Адказаць на пытаньне: да чаго прывяла гэтая наша мабілізацыя, наша рэвалюцыя. Яна, як мне падаецца, расчыніла новыя гарызонты, каб наша новая дэмакратычная супольнасьць вызначалася ўжо ў каардынатах нацыянальнай дзяржавы.
— Вы пішаце: «Можна сказаць, што гэта была рэвалюцыя не ў паліталягічным, а ў філязофскім сэнсе, бо яе здабыткам сталася ня зьмена ўлады, а зьяўленьне новага калектыўнага палітычнага суб’екта, структурныя асаблівасьці, прынцыпы і дзейнасьць якога расчынілі новую пэрспэктыву для будучыні нашай краіны». Скептычныя людзі могуць тут запытаць: а дзе гэты новы калектыўны суб’ект, ці зьявіўся ён?
— Безумоўна, зьявіўся. Па-першае, была фізычная маніфэстацыя гэтай супольнасьці, але гэта ня толькі масавая прысутнасьць людзей на вуліцах. Важна і тое, на якіх каштоўнасьцях і прынцыпах гэты калектыўны суб’ект сфармаваўся і што ён азначае.
І тут я бачу шмат вельмі важных і цікавых рэчаў, датычных гэтай новай дэмакратычнай супольнасьці, датычных гэтага мноства. Гэта не гамагенны суб’ект, у сэнсе нацыянальных рухаў XIX стагодзьдзя ці нават нашага адносна нядаўняга ўяўленьня аб нацыянальнай дзяржаве. Гэта вельмі размаітае мноства, прынцыповая разнастайнасьць.
Істотна, што зьяўляецца вельмі разнастайная дэмакратычная супольнасьць, і яе салідарнасьць фармуецца не праз гамагенную нацыянальную ідэнтычнасьць у такім клясычным сэнсе, а шляхам агульнага ўспрыняцьця пэўных каштоўнасьцяў.
І гэтыя каштоўнасьці — і гэта я хачу падкрэсьліць — выяўляюць нашу прыналежнасьць і адпаведнасьць менавіта нашай геакультурнай прасторы. Гэта ня нейкія абстрактныя каштоўнасьці, якія нам завезьлі, умоўна скажам, прадстаўнікі лібэральна-дэмакратычных краінаў. Гэта наша геакультурная прастора са сваім культурна-гістарычным кантэкстам, вельмі складаным. Праз катастрафічныя падзеі 2020-га тыя каштоўнасьці актуалізаваліся, і празь іх супольнасьць аб’ядналася.
— І ў сваёй кнізе, і падчас прэзэнтацыі вы асабліва вылучаеце слова «шанаваць», называеце яго імпэратывам. Падкрэсьліваеце, што яно аб’ядноўвае два сэнсы — «павага да асобы» і «прызнаньне каштоўнасьці чалавечага жыцьця». Аднак — хіба гэта нешта выключна беларускае?
— Для мяне гэта была своеасаблівая «эўрыка». Бо калі мы возьмем эўрапейскую мадэрную традыцыю, якая пэўным чынам працягваецца і дагэтуль, то там ёсьць падзел на «рацыянальнасьць» і «эмацыйнасьць». Рацыянальнасьць — гэта пра тое, як паразумецца, аргумэнтаваць, сфармуляваць сваю пазыцыю і вызначыць рацыянальныя абгрунтаваньні дзеяньняў, прынцыпаў, законаў і гэтак далей.
Што тычыцца эмоцыяў — прызнаньне каштоўнасьці чалавечага жыцьця, беражлівае стаўленьне да жыцьця — то гэта зьвязана з тым, як пражываецца чалавекам жыцьцё, як мы ставімся да нашага асяродзьдзя ў шырокім сэнсе, нашага сьвету.
І ў эўрапейскай традыцыі акцэнт робіцца на рацыянальнасьці, «разумнасьці». Як аб’яднаць розум і пачуцьці? — для эўрапейскай філязофскай традыцыі гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне, якое дагэтуль праходзіць этап крытычнага пераасэнсаваньня.
І ў гэтым сэнсе наша слова «шанаваць» — вельмі пэрспэктыўнае, у тым рэчышчы, як два гэтыя сэнсы сыходзяцца ў ім, у адным месцы. У нашай мове гэтае слова ўтрымлівае разам гэтыя два вымярэньні, і тут вельмі добрая пэрспэктыва таго, як можа выбудоўвацца супольнае жыцьцё. Калі мы будзем абапірацца на такі прынцып, у якім няма гэтага падзелу на дзьве плыні.
— У канцы сваёй кнігі вы пішаце пра вобраз будучыні, якім ёсьць «Вобраз „Мы“» і «Ідэал „Мы“». «Гэта рэалізацыя палітычнага і культурнага патэнцыялу пазытыўнага вобразу, які зьявіўся ў дваццатым годзе». Як ён выглядае, гэты вобраз, як вы яго бачыце?
— Я падзяляю «Вобраз „Мы“» і «Ідэал „Мы“». Вобраз — гэта пражыты намі досьвед, у якім мы ўдзельнічалі. Гэта наш 2020 год, але гэта не архіў, не завяршэньне. Гэта той досьвед, які паказаў, што ў нас ёсьць суб’ектнасьць, яна будуецца на пэўных прынцыпах і каштоўнасьцях.
І гэта вельмі сур’ёзны запал для таго, каб рухацца ў будучыню.
А вось пра «Ідэал „Мы“» можна пакуль гаварыць, абапіраючыся на самыя агульныя прынцыпы. На тое, што наш дэмакратычны суб’ект вельмі плюралістычны, разнастайны, у ім няма месца прымусу і гамагеннасьці на ўзроўні нейкага аднаго бачаньня нацыянальнай ідэнтычнасьці.
Але гэта вельмі агульныя прынцыпы. Як гэты ідэал будзе ўвасоблены ў канкрэтныя прынцыпы ў рамках дзяржавы — гэта вельмі сур’ёзны выклік, які запатрабуе шырокіх дыскусіяў і канкрэтных рашэньняў па рэфармаваньні грамадзкага жыцьця. Так што «Ідэал» — гэта агульныя каштоўнасныя арыенціры, але ў якія канкрэтныя формы гэта павінна выліцца — сур’ёзнае пытаньне.
Форум