Сярод памілаваных 8 жанчын і 24 мужчыны.
17 зь іх маюць хранічныя захворваньні, адзін мае інваліднасьць. У 17 асуджаных ёсьць дзеці, зь іх двое — шматдзетныя бацькі. 9 памілаваных — старэйшыя за 50 гадоў.
«Усе яны прызналі віну, раскаяліся ў зробленым і хадайнічалі аб памілаваньні», — заяўляе прэс-служба Лукашэнкі.
Гэта ўжо шостае памілаваньне палітвязьняў за апошнія месяцы. Да гэтага Аляксандар Лукашэнка ў 2024 годзе агулам памілаваў 146 палітвязьняў:
- 7 лістапада Лукашэнка памілаваў яшчэ 31 палітвязьня, асуджанага паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў: 2 жанчыны і 29 мужчын.
- 16 верасьня, напярэдадні так званага Дня народнага адзінства, які адзначаецца 17 верасьня, Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 37 чалавек, асуджаных за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці».
- 4 верасьня стала вядома пра выхад на волю 30 асуджаных па «палітычных» артыкулах. Сярод іх сем жанчын і 23 мужчыны. Большасьць зь іх — бацькі непаўналетніх дзяцей.
- 16 жніўня Лукашэнка памілаваў 30 чалавек, асуджаных за «злачынствы пратэставай накіраванасьці». У іх ліку — 14 жанчын і 16 мужчын. Некаторыя маюць сур’ёзныя захворваньні.
- 3 ліпеня на волю выйшлі 18 палітвязьняў. Гэта былі 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку анкалягічны хворы экс-старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Па стане на 20 лістапада за кратамі ў Беларусі застаюцца 1262 палітвязьні, прызнаныя такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў у Беларусі можа быць большай. Агулам жа зь лета 2020 году праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі амаль 3600 чалавек (зь іх 656 жанчын). Многія зь іх ужо выйшлі на волю, цалкам адбыўшы пакараньне.
Пры гэтым у Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманьні, арышты і суды паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў; людзей судзяць як паводле адміністрацыйных спраў, так і паводле крымінальных абвінавачаньняў, сярод іншага, прысуджаючы ім тэрміны ў калёніі.
Пасьля абвяшчэньня даты новых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі рэпрэсіі ў краіне ўзмацніліся: з канца кастрычніка беларускія праваабаронцы фіксуюць масавыя затрыманьні па ўсёй краіне.
Форум