Гульцы зборнай Беларусі ў футболе Віталь Лісаковіч, Павал Савіцкі і Валер Бачароў не атрымалі брытанскіх візаў, каб паляцець з камандай у Паўночную Ірляндыю. Пра гэта паведаміў праект Спорт5.
Футбалісты прапусьцяць сустрэчу Лігі нацый, якая пройдзе 15 лістапада.
Раней паведамлялася, што візаў могуць ня даць усёй зборнай Беларусі і тады давядзецца праводзіць гульню на нэўтральным полі. Але затым большасьць беларускага калектыву ўсё ж атрымала візы, стала зразумела, што сустрэча пройдзе ў Бэлфасьце на стадыёне «Віндзар Парк», як і было заплянавана.
Праз накладзеныя Эўразьвязам і некаторымі іншымі краінамі санкцый, УЭФА забараніў зборнай Беларусі прымаць супернікаў у Менску і ўвогуле на беларускай тэрыторыі. Свае намінальна хатнія паядынкі беларусы вымушаныя праводзіць у іншых краінах. У прыватнасьці, намінальна хатняя сустрэча з Паўночнай Ірляндыяй адбылася ў вугорскім Залаэгерсэгу, без прысутнасьці публікі.
Галоўны трэнэр зборнай Паўночнай Ірляндыі Майкл О’Ніл тады абмежаваўся толькі камэнтаром пра тое, што сытуацыя не залежыць ад каманды. Ён дадаў, што падобныя гульні пры пустых трыбунах, якія арганізоўвае УЭФА як намінальна хатнія для беларусаў, ня служаць футболу і зьяўляюцца складанымі для ўспрыманьня для ўсіх гульцоў.
1 лістапада першы намесьнік старшыні Асацыяцыі Беларуская Фэдэрацыя футболу Андрэй Васілевіч запэўніваў, што ўсе гульцы атрымалі візы.
«Усе атрымалі візы, матч адбудзецца ў Бэлфасьце, усё выдатна, як і плянавалася. Былі дробныя пытаньні, але вынік такі. Без выключэньня ўсе, на каго падавалі, атрымалі візы», — сказаў Васілевіч.
Як выявілася, словы чыноўніка разышліся са справай. Прычым Лісаковіча і Савіцкага можна лічыць лідэрамі цяперашняй зборнай. У Бэлфасьце давядзецца абысьціся бязь іх.
Лісаковіч у камэнтары журналістам сказаў, што ня мае ўплыву на сытуацыю, і таму вымушаны будзе глядзець матч у Паўночнай Ірляндыі з дому.
Напярэдадні стала вядома, што галоўны трэнэр беларускай каманды Карляс Алёс працягнуў кантракт з фэдэрацыяй на два гады.
Зборная Беларусі выступае ў трэцяй па сіле з чатырох групаў Лігі нацый. На гэты момант у дружыны тры нічыі і адна перамога за чатыры сустрэчы. Табліцу групы ўзначальвае Паўночная Ірляндыя, якая мае 7 пунктаў, у Беларусі 6, у Баўгарыі 5, у Люксэмбурга 2.
Пасьля 15 лістапада ў Бэлфасьце беларусы згуляюць 18 лістапада ў гасьцях з камандай Баўгарыі.
Форум