У цяперашняй Беларусі дагэтуль не ратыфікаваная адна зь дзесяці канвэнцый, якія лічацца фундамэнтальнымі, а шэраг палажэньняў ратыфікаваных канвэнцый улады не выконваюць. Пра гэта сьведчыць дасьледаваньне, якое правёў праваабаронца «Вясны» Алег Мацкевіч. Найперш гэта тычыцца дыскрымінацыі ў працоўнай сфэры.
Як палітычныя погляды ўплываюць на рэалізацыю права на працу
Паводле праваабаронцы, адзін з асноўных чыньнікаў, паводле якіх дыскрымінуюць фізычных асоб у Беларусі ў сфэры працоўных адносін, — гэта палітычныя погляды і грамадзянская пазыцыя. Такая практыка стала істотнай у Беларусі з 2020 году, адзначае аўтар дасьледаваньня «Вясны».
«Адлік ганебнай зьявы можна весьці ад пачатку кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе галавы дзяржавы, але асабліва заўважнай для шырокай грамадзкасьці яна стала толькі апошнім часам, а менавіта пасьля падзей жніўня 2020 году», — сьцьвярджае праваабаронца Алег Мацкевіч.
Праваабаронца кажа пра «тысячы звольненых з працоўных месцаў за сваю грамадзянскую пазыцыю, удзел у акцыях пратэсту, удзел у назіраньні за выбарамі, пастаўленыя падчас законнай перадвыбарчай кампаніі подпісы за вылучэньне грамадзян кандыдатамі ў прэзыдэнты, пратэставую актыўнасьць у сацыяльных сетках».
Паводле дасьледчыка, падставай да звальненьня з працы стала тое, што людзей прыцягвалі да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасьці.
Ідэолягі кажуць, што работнікі дзяржаўнага сэктару павінны быць «людзьмі дзяржавы»
На думку праваабаронцы «Вясны», дыскрымінацыя па палітычных прыкметах работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый у Беларусі носіць сплянаваны і сыстэмны характар і ажыцьцяўляецца дзяржаўнымі органамі і чыноўнікамі. Алег Мацкевіч прыводзіць доказы таго, што такія дзеяньні ініцыяваныя дзяржаўнымі службоўцамі.
«На дзяржпрадпрыемстве павінны працаваць людзі зь цьвёрдымі перакананьнямі і адназначнай пазіцыяй — людзі дзяржавы», — заявіла ў лістападзе 2021 году начальніца Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы і па справах моладзі Менскага гарвыканкаму, былая супрацоўніца МУС Вольга Чамаданава.
Каля 500 супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (БДУ) былі вымушаныя звольніцца ў пэрыяд з 2020 па 2023 год праз падтрымку масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Пра гэта кажа рэктар ВНУ Андрэй Кароль у аўдыёзапісе, апублікаваным супольнасьцю хакераў «Кібэрпартызаны» 3 чэрвеня 2024 году.
У мэтах дыскрымінацыі з палітычных матываў пры прыёме на працу шырока выкарыстоўваецца патрабаваньне характарыстык з ранейшага месца працы, кажа дасьледчык Алег Мацкевіч.
«Гэтая норма была ўведзеная ў Працоўны кодэкс (артыкул 26) у студзені 2020 году. У кастрычніку 2021 году Дэкрэтам № 6 А. Лукашэнкі вызначаны зьмест характарыстыкі: «Афіцыйны дакумэнт, які адлюстроўвае прафэсійныя, дзелавыя і маральныя якасьці работніка, зьвесткі аб прыцягненьні да дысцыплінарнай і іншай адказнасьці, адносіны да дзяржаўных і грамадзкіх інстытутаў, іншую інфармацыю, падрыхтаваны па форме, устаноўленай Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь», — адзначае праваабаронца.
Паводле дасьледчыка «Вясны» Алега Мацкевіча, «палітычныя чысткі» ў арганізацыях і на прадпрыемствах Беларусі ідуць ужо 4 гады і, па сутнасьці, становяць нічым не апраўданую дыскрымінацыю з боку дзяржавы.
«Тэхнічнае супрацоўніцтва МАП зь Беларусьсю прыпыненае»
Дасьледаваньне «Вясны» таксама ўказвае на частыя парушэньні працоўных правоў грамадзян Беларусі па прыкметах мовы, нацыянальнасьці ды інваліднасьці. Адзначаецца таксама, што асуджаных з палітычных прычын шырока прыцягваюць да прымусовай працы, што забаронена міжнароднай Канвэнцыяй адносна дыскрымінацыі ў галіне працы і заняткаў.
Беларусь уступіла ў МАП яшчэ ў 1954 годзе як БССР у складзе Савецкага Саюзу. У 2023 годзе ў выніку разгляду беларускага пытаньня на сэсіі МАП да Беларусі прымянілі артыкул 33 Статуту МАП, і тэхнічнае супрацоўніцтва з краінай было прыпыненае.
Форум