Пра сьмерць палітвязьня Дзьмітрыя Шлетгаўэра стала вядома на мінулым тыдні. 22-гадовы палітзьняволены адбываў тэрмін у ПК-15, што ў Магілёве. Зь якой прычыны памёр Дзьмітры, праваабаронцы не паведамлялі.
Цяпер знаёмы сям’і Шлетгаўэра расказаў «Люстэрку», якую прычыну мэдыкі назвалі ў пасьведчаньні аб сьмерці.
Па словах суразмоўцы выданьня, які зараз жыве за мяжой, у пасведчаньні аб сьмерці палітвязьня ўказаная прычына — «мэханічная асьфіксія». Вельмі часта такі запіс робяць пры самагубствах.
«Кіраўніцтва калёніі не паведаміла родным Дзьмітрыя, што менавіта здарылася зь ім», — сьцьвярджаў знаёмы сям’і Шлетгаўэра.
Па словах суразмоўцы «Люстэрка», родныя палітвязьня размаўлялі зь ім празь лісты.
Жонка Дзьмітрыя наведвала яго ў СІЗА да і пасьля суду.
«Сям’я лічыць, што Дзьмітры не збіраўся забіваць сябе. Па словах родных, ён быў вельмі засмучаны ад таго, што зь ім здарылася, але не настолькі, каб быць гатовым добраахвотна пакінуць жыцьцё. Яшчэ ў СІЗА ён пачаў старанна рыхтавацца да пераводу ў калёнію — зьбіраў цыгарэты, цукар, гарбату і каву ў разліку на тое, што яны спатрэбяцца ў лягеры».
Па словах крыніцы, Дзьмітры казаў родным, што ў сьледчым ізалятары да яго ставіліся добра. Сукамэрнікі і адміністрацыя праблем не стваралі.
Зь СІЗА ў магілёўскую ПК-15 яго перавялі ў першыя дні кастрычніка 2024 году. Знаёмы сям’і сьцьвярджае, што Дзьмітрыя адразу ж адправілі ў штрафны ізалятар. Аб прычыне такога пакараньня ён ня ведае. Ужо 12 кастрычніка сям’я Шлетгаўэра атрымала ад адміністрацыі калёніі паведамленьне аб сьмерці.
У пасьведчаньні аб сьмерці ўказана дата — 11 кастрычніка 2024 году. А 31 кастрычніка праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў пра смерць у калёніі палітычнага зьняволенага.
Першага лістапада «Люстэрку» ўдалося даведацца ягонае імя.
Дзьмітры Шлетгаўэр — грамадзянін Расеі. Інфармацыя аб «таемным» судзе над ім зьявілася ў канцы жніўня. Паведамлялася, што яго прызналі вінаватым у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «шпіянажы» (арт. 358 КК). Яму прысудзілі 12 гадоў калёніі.
Форум