Фігурант «справы Ціханоўскага» Аляксандар Арановіч знаходзіцца ў зьняволеньні амаль 4,5 года. Апошнія 5 месяцаў палітвязьня ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада, паведамляе «Вясна».
У красавіку 2021 года яго асудзілі да 6 гадоў калёніі паводле двух крымінальных артыкулаў. Пазьней Аляксандру ўзмацнілі пакараньне і перавялі ў магілёўскую турму.
14 лістапада ў судзе Ленінскага раёну Магілёва пачнуць разглядаць новую крымінальную справу супраць палітвязьня — за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі турмы» (ч. 2 арт. 411 КК). Працэс будзе весьці судзьдзя Вікторыя Палякова.
Арановіч — удзельнік каманды «Краіна для жыцьця», разам зь ёй ездзіў па рэгіёнах Беларусі на арэндаваным аўтадоме. Жыў у горадзе Старыя Дарогі. Езьдзіў на заробкі ў Расею, да 2020 году працаваў кіроўцам.
Аляксандра затрымалі 29 траўня 2020 году. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі дзеяньняў, што груба парушылі грамадзкі парадак» (арт. 342 КК) і «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» (п. 13 ч. 2 арт. 293 КК) за захоўваньне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў старой дымавой шашкі.
Раней «Краіна для жыцьця» паведамляла, што Аляксандра, імаверна, зьмяшчалі ў ШЫЗА за адмову падпісваць прашэньне аб памілаваньні.
Форум