Праз моцны вецер парывамі да 24 м/c, які вызначаў надвор’е ў Беларусі 1–2 лістапада, зафіксавана 73 выпадкі падзеньня дрэў у Берасьцейскай (9), Віцебскай (10), Гомельскай (3), Гарадзенскай (11), Менскай (17), Магілёўскай (11) абласьцях і Менску (12), паведамляе МНС.
Паваленыя дрэвы пашкодзілі 12 аўтамабіляў. Таксама пашкоджаны 1 аўтамабільны прычэп-дача ў Менскай вобласьці. Сарваны мэталічны элемэнт аздабленьня фасаду шматкватэрнага жылога дому пашкодзіў 2 аўтамабілі на вул. Першамайскай у Калінкавічах. На шчасьце, пацярпелых людзей у гэтым здарэньні няма.
Парушалася электразабесьпячэньне 402 населеных пунктаў. Больш за ўсё праблемаў зазнала Віцебская вобласць — 278 месцаў. У астатніх рэгіёнах Беларусі былі дзясяткі абрываў і парушэньняў. Таксама стыхія пашкодзіла электразабесьпячэньне 34 сельскагаспадарчых будынкаў і 1097 трансфарматарных падстанцый.
Па стане на 6:00 3 лістапада электразабесьпячэньне спажыўцоў аднавілі, гаворыцца ў паведамленьні МНС.
Сёлета ў ліпені праз ураган у Беларусі загінулі 7 чалавек.
Форум