Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ААН выказалі занепакоенасьць інфармацыяй пра жорсткае абыходжаньне ў турмах і калёніях Беларусі


Будынак ААН у Нью-Ёрку.
Будынак ААН у Нью-Ёрку.

Экспэрты ААН зноў зьвярнуліся да ўладаў Беларусі зь лістом, у якім выказалі занепакоенасьць у сувязі з працягам паведамленьняў пра жорсткае абыходжаньне ў месцах пазбаўленьня волі і неапраўданыя і непрапарцыйныя абмежаваньні правоў чалавека адносна былых зьняволеных, гаворыцца ў апублікаваным на сайце ААН прэсавым рэлізе.

Прывітаўшы нядаўнюю амністыю і памілаваньні прынамсі 115 асуджаных за дзеяньні, «зьвязаныя з сапраўднай або меркаванай палітычнай апазыцыяй», аўтары адзначылі, што «многія людзі, асуджаныя без справядлівага судовага разбору за правамернае ажыцьцяўленьне сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, па-ранейшаму знаходзяцца ў зьняволеньні». Акрамя таго, зьяўляюцца паведамленьні пра новыя несправядлівыя адміністрацыйныя і крымінальныя прысуды.

«Становішча некаторых зьняволеных зь ліку прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі, праваабаронцаў і палітычных актывістаў, многія зь якіх асуджаныя паводле абвінавачаньняў у экстрэмізьме і тэрарызьме, выклікае крайнюю трывогу, — гаворыцца ў лісьце. — Паводле атрыманых паведамленьняў, такія зьняволеныя зазнаюць розныя формы жорсткага абыходжаньня, уключаючы адмову ў мэдычнай дапамозе і працяглыя затрыманьні бяз сувязі са зьнешнім сьветам, якія ў некаторых выпадках могуць быць прыраўнаныя да гвалтоўных зьнікненьняў».

Адзначаецца, што «некалькі зьняволеных» утрымліваюцца пад вартай бяз доступу да зьнешняга сьвету зь лютага — сакавіка 2023 году. Той факт, што сама меней 49 зьняволеных старэйшыя за 60 гадоў, робіць гэтых людзей асабліва ўразьлівымі для жорсткага абыходжаньня і гвалту, падкрэсьліваецца ў лісьце.

Экспэрты ААН выказалі занепакоенасьць з нагоды відавочнага злоўжываньня артыкулам 411 Крымінальнага кодэксу («злоснае непадпарадкаваньне» адміністрацыі папраўчых устаноў) для бестэрміновага падаўжэньня тэрмінаў знаходжаньня вязьняў у турме.

Адзначаецца таксама, што за апошнія тры гады беларускія ўлады не адказалі на некалькі паведамленьняў Спэцыяльных працэдур ААН, зьвязаных зь меркаванымі адвольнымі затрыманьнямі, несправядлівымі судовымі разборамі і жорсткім абыходжаньнем са зьняволенымі.

Аўтары ліста заклікаюць урад Беларусі прадставіць інфармацыю пра стан здароўя, лёс і месцазнаходжаньне некалькіх зьняволеных, расьсьледаваць паведамленьні пра жорсткае абыходжаньне зь імі ў месцах пазбаўленьня волі, а таксама памілаваць або скараціць тэрмін зьняволеньня тым вязьням, якія знаходзяцца ва ўразьлівым становішчы ў адпаведнасьці са Стандартнымі мінімальнымі правіламі ААН у дачыненьні да мер, не зьвязаных з турэмным зьняволеньнем (Такійскія правілы).

Аўтары ліста запыталі інфармацыю аб кроках, якія робяцца ўладамі Беларусі для прывядзеньня ўнутранага заканадаўства па барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам у адпаведнасьць з патрабаваньнямі міжнароднага права.

Ліст падпісалі былы спэцыяльны дакладчык па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, якая займала гэтую пасаду зь лістапада 2018 па 1 лістапада 2024 году, старшыня-дакладчык Габрыеля Чытроні, намесьнік старшыні Гражына Бараноўска і іншыя.

  • У Беларусі 1300 чалавек прызнаныя палітзьняволенымі. Насамрэч, як мяркуюць праваабаронцы, асуджаных з палітычных матываў значна больш.

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG