Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ трое падалі ў ЦВК дакумэнты для ўдзелу ў выбарах-2025 у Беларусі: Гайдукевіч, Чамаданава, Хіжняк


30 кастрычніка дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў на прэзыдэнцкія выбары 2025 году ў Беларусі падалі яшчэ тры чалавекі. Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Паведамляецца, што ў ЦВК падалі дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў у падтрымку вылучэньня кандыдатамі ў прэзыдэнты:

  • Алег Гайдукевіч, кіраўнік праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі, намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах,
  • Вольга Чамаданава, старшыня «Беларускага саюзу жанчын», начальніца галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы і ў справах моладзі Менгарвыканкаму, былая прэс-сакратарка МУС Беларусі.
  • Аляксандар Хіжняк, кіраўнік праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, дырэктар «БелНДІПгорадабудаўніцтва», дэпутат Менгарсавету.

Алег Гайдукевіч адразу пасьля абвяшчэньня прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году заявіў, што кіраваная ім партыя будзе ўдзельнічаць у выбарах. У 2020 годзе ён таксама вылучаўся ў прэзыдэнты, але пазьней зьняў сваю кандыдатуру.

26 кастрычніка дакумэнты аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы падаў Аляксандар Лукашэнка. Ягоную ініцыятыўную групу ўжо зарэгістравалі.

Акрамя Лукашэнкі, дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў падавалі кіраўнік зьліквідаванага ўладамі Беларусі руху «За свабоду», экспэрт па рэгіянальным разьвіцьці Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Юры Губарэвіч і Аляксандар Драздоў, які, як і Лукашэнка, падаў заяву 26 кастрычніка, але на пасяджэньне не прыйшоў і не падаў сьпіс сяброў групы. Абедзьве заяўкі былі адхіленыя.

У Беларусі пасьля перарэгістрацыі засталося 4 партыі: «Белая Русь», ЛДП, РПТС і Камуністычная партыя (КПБ).

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG