Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў падтрымала праекты законаў аб зьменах у Падатковы кодэкс і бюджэце на 2025 год


Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў, архіўнае ілюстрацыйнае фота

31 кастрычніка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытаньні праект закону, які прадугледжвае карэкціроўку Падатковага кодэксу Беларусі, а таксама законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год».

Згодна з праектам закону аб зьменах у Падатковы кодэкс, сярод іншага плянуецца павелічэньне ставак акцызаў на тытунёвыя вырабы і алькаголь.

Таксама праектам прадугледжаная індэксацыя падатковых ставак на 2025 год: стаўкі зямельнага падатку, падатку на нерухомасьць, экалягічнага падатку, падаходнага падатку з фізычных асоб у фіксаваных сумах праіндэксуюць на 5,4% — на прагнозны сярэднегадавы ўзровень інфляцыі ў 2025 годзе.

Як паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў, у таксама ў праекце закону прапанавалі зьняць абмежаваньне ў частцы аднаразовага маёмаснага выліку для шматдзетных сем’яў, якія будуюць ці набываюць жытло; пашырылі пералік маладых спэцыялістаў, якія атрымалі вышэйшую, навукова-арыентаваную сярэднюю спэцыяльную ці прафэсійна-тэхнічную адукацыю і маюць права на атрыманьне стандартнага падатковага выліку, а таксама прадугледзелі адмену «асобных малаэфэктыўных падатковых ільготаў» або іх трансфармацыю ў паніжаныя стаўкі.

Таксама ў першым чытаньні прыняты праект рэспубліканскага бюджэту на 2025 год. Бюджэт сфармаваны з дэфіцытам 4,459 млрд рублёў. Даходы рэспубліканскага бюджэту заплянаваны ў памеры 45,835 млрд рублёў, а выдаткі — у 50,295 млрд рублёў.

У параўнаньні з ацэнкай паступленьняў на гэты год даходы павялічаныя на 8,1%, а выдаткі — на 12%.

Плянуецца, што асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў рэспубліканскага бюджэту стануць падатак на даданую вартасьць, акцызы і падатковыя даходы ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці.

Як вынікае з раней публікаванага праекту бюджэту, у ім закладзены далейшы рост выдаткаў на нацыянальную абарону, судовую ўладу, праваахоўную дзейнасць і гарантаваньне бясьпекі. Яны павялічацца на 1,82 млрд рублёў. У бюджэце 2024 году гэтыя выдаткі таксама былі павялічаныя (на 1,4 млрд рублёў) у параўнаньні з папярэднім годам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG