У Камітэце дзяржаўнай бясьпекі Беларусі паведамілі аб правядзеньні 30 кастрычніка на тэрыторыі Астравецкага раёну вучэньняў для праверкі гатоўнасьці дзяржаўных органаў да ўзаемадзеяньня і рэагаваньня на акты тэрарызму.
Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, у вучэньнях удзельнічаюць падразьдзелы КДБ, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны, Сьледчага камітэту, Міністэрства надзвычайных сытуацый і іншых дзяржаўных органаў.
«Сцэнар вучэньняў прадугледжвае задзейнічаньне вайсковай і іншай спэцыяльнай тэхнікі, узмоцнены кантроль і абмежаваньне дарожнага руху ў зоне праверачных захадаў», — адзначаецца ў паведамленьні.
На інтэрнэт-старонцы мясцовай раённай газэты «Астравецкая праўда» паведамленьня з адпаведным папярэджаньнем аб абмежаваньнях для мясцовых жыхароў няма.
З пачаткам расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ўлады Беларусі рэгулярна разам з вайсковымі праводзяць і антытэрарыстычныя вучэньні ў розных абласьцях і раёнах. Сёлета такія захады адбыліся ў Берасьцейскай вобласьці. У ліпені адбыліся супольныя беларуска-кітайскія вучэньні недалёка ад мяжы з Польшчай і Ўкраінай. Заняткі былі сканцэнтраваныя на антытэрарыстычным трэнінгу, у ходзе якога вайскоўцы зь дзьвюх краін адпрацоўвалі супольныя апэрацыі ў вызваленьні закладнікаў.
Форум