Кааліцыя палітычных партыяў «Народная Грамада», «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» і аргкамітэт стварэньня партыі «Краіна для жыцьця» выступілі з сумесным зваротам, у якім абвясьцілі пра запуск альтэрнатыўнай кампаніі аб’яўленым у Беларусі прэзыдэнцкім выбарам. Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
Кампанію назвалі «Мой прэзыдэнт сядзіць у турме».
«Заяўленыя на выбары кандыдаты Канапацкая, Гайдукевіч і Лукашэнка могуць гэта рабіць з адной простай прычыны. Сапраўдныя кандыдаты ў прэзыдэнты пасаджаныя імі за краты. Ніводзін з гэтых фрыкаў ня змог бы канкураваць з рэальнымі лідэрамі Беларусі на свабодных выбарах. І яны пра гэта цудоўна ведаюць.
Такіх людзей вельмі шмат, і яны розныя. Многія беларусы маюць такіх аўтарытэтных у іхных вачах людзей, вартых быць першай асобай у Беларусі. І гэта ня толькі Статкевіч, Севярынец, Ціханоўскі ці Бяляцкі, іх шмат. Давайце ж пакажам іх і раскажам пра іх», — заклікаюць ініцыятары кампаніі.
Беларусаў, «якія знаходзяцца ў бясьпецы» (гаворка пра беларусаў замежжа), заклікаюць ладзіць розныя акцыі ў падтрымку зьняволеных беларускіх палітыкаў, грамадзкіх лідэраў і актывістаў, якія, на іх думку, годныя стаць кандыдатамі на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.
«Пасты, акцыі, плякаты, майкі з партрэтамі і ўсё, што магчыма для тых беларусаў, хто ў бясьпецы, нас сотні тысяч! Для пачатку — ставім партрэты сваіх лідэраў на асабістыя аватаркі з хэштэгам #мойпрэзыдэнтсядзіцьутурме», — тлумачаць ініцыятары кампаніі.
На думку ініцыятараў кампаніі, такі варыянт «лепшы, чым заклікаць прыходзіць на ўчасткі нават з добрымі намерамі».
«Пакажам, што старонка не перагорнутая і нічога не забыта. Мы памятаем усіх і ўсё!» — адзначаецца ў заяве кааліцыі.
Раней Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у заклікалі беларусаў галасаваць супраць усіх на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум