Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данія выдзяляе 700 тысяч эўра на падтрымку рэпрэсаваных у Беларусі і іхных сем’яў


Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Даніі Ларсам Лёке Расмусэнам
Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Даніі Ларсам Лёке Расмусэнам

Данія выдаткуе ў 2024 годзе 5 мільёнаў дацкіх кронаў (каля 700 тысяч эўра) для «Міжнароднага гуманітарнага фонду для ахвяр рэпрэсіяў у Беларусі». Пра гэта стала вядома падчас візыту Сьвятланы Ціханоўскай у Ісьляндыю.

29 кастрычніка міністар замежных спраў Даніі Лярс Лёкэ Расмусэн сустракаецца ў Рэйк’явіку са Сьвятланай Ціханоўскай падчас 76-й сэсіі Паўночнай Рады. Перад сустрэчай міністар заявіў, што Паўночныя краіны падтрымліваюць ініцыятыву стварэньня «Міжнароднага гуманітарнага фонду для ахвяраў рэпрэсіяў у Беларусі», і Данія выдзяляе ў 2024 годзе 5 млн датскіх крон для гэтага фонду.

«Рэжым у Менску працягвае ўтрымліваць народ у няволі, і сытуацыя з правамі чалавека за апошнія гады значна пагоршылася, у той час як Беларусь бесьперашкодна працягвае падтрымліваць незаконную агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны. У гэтай складанай сытуацыі абавязак Даніі і Паўночных краін — падтрымаць дэмакратычныя сілы Беларусі і Сьвятлану Ціханоўскую, якая зьяўляецца натхненьнем для ўсіх, хто хоча бачыць вольную і дэмакратычную Беларусь», — падкрэсьліў Лярс Лёкэ Расмусэн.

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Даніі за падтрымку.

«Мы вельмі ўдзячныя Даніі і ўсім паўночным краінам за салідарнасьць і за падтрымку. Сёньня тысячы людзей знаходзяцца за кратамі, тысячы рэпрэсаваных і іхныя сем’і патрабуюць дапамогі, рэабілітацыі, нават лячэньня. Вашая падтрымка дае надзею, энэргію, а галоўнае — упэўненасьць, што мы не застанёмся сам-насам са сваёй бядой», — сказала Ціханоўская.

29 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская пачала працоўны візыт у Ісьляндыю, асноўная мэта якога — удзел у 76-й сэсіі Паўночнай Рады. У арганізацыю ўваходзяць Данія, Фінляндыя, Ісьляндыя, Нарвэгія і Швэцыя, а таксама Грэнляндыя, Фарэрскія і Аляндзкія астравы. Галоўная задача Паўночнай Рады — садзейнічаць палітычнаму, эканамічнаму і культурнаму супрацоўніцтву паміж паўночнымі краінамі і іх парлямэнтамі.

Раней «Міжнародны гуманітарны фонд для ахвяраў рэпрэсіяў у Беларусі» падтрымалі Нарвэгія і Швэцыя. За гэты год у падтрымку фонду ўжо ўдалося сабраць больш за 2 мільёны эўра. Акрамя гэтага, асобныя праграмы у падтрымку рэпрэсаваных у Беларусі мае Эўракамісія, а таксама ўрад Нямеччыны, паведамляе прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG