Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан наведае Грузію 28-29 кастрычніка. Як паведамілі ў канцэлярыі прэм’ер-міністра Грузіі Іраклія Кабахідзэ, пасьля сустрэчы палітыкі выступяць з заявамі для прэсы.
Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах Жузэп Бурэль заявіў, што ў гэтай паездцы Віктар Орбан ня будзе прадстаўляць Эўразьвяз.
«Ратацыйны кіраўнік Эўразьвязу ня мае паўнамоцтваў у замежнай палітыцы», — працытавала Жузэпа Бурэля агенцтва AFP зь ягонага інтэрвію гішпанскаму грамадзкаму радыё RNE.
Віктар Орбан стаў першым замежным лідэрам, які павіншаваў кіроўную ў Грузіі партыю «Грузінская мара» зь перамогай парлямэнцкіх выбарах 26 кастрычніка. Ён гэта зрабіў яшчэ да таго, як зьявіліся першыя афіцыйныя вынікі галасаваньня.
Вугорскі прэм’ер уваходзіць у кола ключавых хаўрусьнікаў дзейнага ўраду Грузіі на чале з «Грузінскай марай», якую апазыцыя лічыць прарасейскай партыяй. Віктар Орбан прыхільна ставіцца да Крамля і скептычна — да зьнешняй палітыкі заходніх краін.
Аналягічная сытуацыя з прадстаўніцтвам Віктара Орбана адбылася раней, калі ён адразу пасьля набыцьця Вугоршчынай статусу старшынёўства ў Эўразьвязе вырашыў наведаць Расею «зь міратворчай місіяй». Пасьля Масквы вугорскі прэм’ер наведаў Украіну і Кітай.
Яго сустрэча ў Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным асабліва раззлавала некаторых іншых чальцоў NATO, якія заявілі, што гэтая паездка надала Пуціну легітымнасьць, у той час як Захад хоча ізаляваць яго з прычыны вайны ва Ўкраіне.
Знаходзячыся ў Кіеве 2 ліпеня, Орбан заявіў, што прадставіў Уладзіміру Зяленскаму прапанову аб спыненьні агню для перамоваў з Расеяй.
У Грузіі 26 кастрычніка адбыліся парлямэнцкія выбары, на якіх абвясьцілі перамогу кіроўнай партыі «Грузінская мара». Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што не прызнае вынікаў парлямэнцкіх выбараў і што Грузія стала ахвярай «расейскай спэцапэрацыі».
Форум