Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі дом у Вільні пасьля інцыдэнту са спробай падпалу не зьмяніў графіку сваёй працы


Беларускі дом у Вільні пасьля спробы падпалу і зьняважлівага графіці. Вільня, 28 кастрычніка 2024
Беларускі дом у Вільні пасьля спробы падпалу і зьняважлівага графіці. Вільня, 28 кастрычніка 2024

Зноў пацярпеў Беларускі дом у Вільні, дзе месьціцца Цэнтар беларускай супольнасьці і культуры.

Дырэктарка віленскага Цэнтру беларускай супольнасьці і культуры Людвіка Кардзіс сказала Свабодзе, што Беларускі дом працягвае працаваць, як і раней, згодна са сваім плянам:

«Усе заплянаваныя імпрэзы праводзяцца і будуць праводзіцца далей».

Ад іншых камэнтароў з нагоды здарэньня яна адмовілася.

27 кастрычніка ўжо пасьля інцыдэнту ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасьці прайшоў вечар габрэйска-беларускіх танцаў.

Вядома, што на месцы здарэньня ў нядзелю працавала паліцыя.

Свабода зьвярнулася па камэнтар у МУС Літвы; мы апублікуем яго, як толькі атрымаем адказ.

26 кастрычніка ў Вільні адбыўся чарговы напад на беларускую ўстанову. Гэтым разам пацярпеў Беларускі дом, вядомы таксама як Цэнтар беларускай супольнасьці і культуры.

На старонцы ўстановы ў Фэйсбуку апублікавалі здымкі нанесенай шкоды. Невядомы зламысьнік падпаліў дзьверы будынку і пакінуў надпіс на літоўскай мове, які ў перакладзе на беларускую азначае «Зьнікні зь Літвы».

Гэта ўжо ня першы напад на Беларускі дом. У верасьні там пабілі шыбу. Цэнтар беларускай супольнасьці і культуры ў Вільні — некамэрцыйная арганізацыя беларусаў Літвы, якая стварае прастору для беларускіх праектаў і ініцыятываў. Там ладзяць курсы беларускай і літоўскай моваў, праводзяць выставы, заняткі з псыхолягам, працуе бібліятэка і нядзельная школка.

Рэакцыя былога міністра культуры

Дарус Куоліс, навуковец і грамадзкі дзяяч, былы міністар культуры і дараднік прэзыдэнта В. Адамкуса, наведаў месца здарэньня і зьвярнуўся ў Facebook да мэра Вільні В. Бянкунскаса з пытаньнем: «Ці Вільня, сталіца Літвы, можа абараніцца ад барбараў?»

Ён пералічыў нядаўнія вядомыя факты нападаў на месцы беларускіх асяродкаў у Вільні і зьвярнуў увагу на адсутнасьць інфармацыі пра вынікі іх расьсьледаваньня і пра ўзмацненьне аховы будынкаў беларускай супольнасьці. Куоліс піша:

«Мэдыя нам пераказваюць толькі здагадкі саміх беларусаў Вільні: „Хутчэй за ўсё, гэта правакацыі беларускага КДБ...“

І калі так (напэўна, так), то ці сталіца Літвы, пры пакорлівым маўчаньні нашых палітыкаў і службоўцаў, ужо ператварылася ў месца разгулу расейскіх і беларускіх спэцслужбаў?

Шкода такіх барбарскіх правакацый велізарная. Ня толькі беларусы ў Вільні пачуваюцца ў небясьпецы. Да хваравітае нямогласьці сваёй дзяржавы прывучаюцца ўсе грамадзяне Літвы. А для беларускага грамадзтва пасьлядоўна ствараецца вобраз літоўца – агіднага ворага», — піша культуроляг.

У адказе на допіс Паўліна Вітушчанка, супрацоўніца Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча (ён месьціцца ў Беларусім доме), паведаміла, што калектыў будзе зьвяртацца да гарадзкіх уладаў з просьбамі аб дадатковым асьвятленьні і відэаназіраньні ў двары, а таксама аб патруляваньні яго паліцыяй.

Што ж да прапановы наладзіць начныя дзяжурствы, Паўліна Вітушчанка напісала:

«Мне сапраўды цяжка будзе знайсьці словы, каб пераканаць людзей дзяжурыць каля будынку, у які стралялі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG