Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе партыі ляяльныя да прэзыдэнта». Ва Ўзбэкістане праходзяць парлямэнцкія выбары


Ва Ўзбэкістане 27 кастрычніка праходзяць выбары ў двухпалатны парлямэнт. Прэзыдэнт краіны Шаўкат Мірзіёеў яшчэ да выбараў заяўляў, што яны пройдуць ва ўмовах «моцнай канкурэнцыі», але апошнія 15 гадоў у заканадаўчы орган праходзяць адны і тыя ж праўрадавыя сілы, у той час як апазыцыйна настроеныя палітычныя партыі сутыкаюцца з адмовамі ў рэгістрацыі, піша ўзбэцкая служба Радыё Свабода.

Упершыню парлямэнцкія выбары ва Ўзбэкістане праходзяць паводле новай зьмешанай выбарчай сыстэмы. Яна спалучае ў сабе элемэнты мажарытарнай сыстэмы і прапарцыйнае прадстаўніцтва для палітычных партыяў.

У ніжняй палаце парлямэнту Ўзбэкістану 150 месцаў, зь іх 75 мандатаў разьмяркуюць па партыйных сьпісах, яшчэ 75 дэпутатаў абяруць па выніках выбараў у аднамандатных акругах.

У выбарах удзельнічаюць пяць партый: Лібэральна-дэмакратычная партыя Ўзбэкістана, дэмакратычная партыя «Мілій тыкланіш», «Экалягічная партыя Узбэкістана», «Народна-дэмакратычная партыя Ўзбэкістана» Сацыял-дэмакратычная партыя «Адолат».

Выбарчыя ўчасткі адкрыты з 8 да 20 гадзін па мясцовым часе. Паводле зьвестак на 15:00 яўка на выбарах склала 62,7%. Агулам галасаваць на гэтых выбарах могуць каля 20 млн грамадзян Узбэкістану.

Reuters адзначае, што палітычная ўлада сканцэнтраваная ў руках прэзыдэнта краіны Шаўката Мірзіёева, а парлямэнт толькі зацьвярджае законы, распрацаваныя ягоным кабінэтам. Пры адсутнасьці рэальных апазыцыйных партыяў выбары несумненна прывядуць да абраньня заканадаўчага органа, ляяльнага Мірзіёеву, які кіруе самай шматнаселенай цэнтральнаазіяцкай краінай з 2016 году.

Місія назіральнікаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Эўропе раскрытыкавала «цяжкія патрабаваньні да рэгістрацыі партыяў, шырокія прававыя падставы для адмовы ў рэгістрацыі або прыпыненьня дзейнасьці партыяў і абмежаваньні на правядзеньне сходаў».

«Апошнія 15 гадоў расстаноўка сіл у парлямэнце не мяняецца: у ніжнюю палату праходзяць пяць арганізацыяў. Ёсьць толькі адна зьмена. На двух папярэдніх выбарах „Экалягічны рух Узбекістану“ атрымаў 15 месцаў у парлямэнце. На выбарах 2019 году ён быў перайменаваны ў партыю. І атрымаў такі ж вынік — 15 месцаў», — адзначае ўзбэцкая служба Радыё Свабода.

Дырэктар Central Asia Due Diligence Алішэр Ільхамаў у камэнтары ўзбэцкай службе назваў усе партыі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, «кішэннымі партыямі ўладаў». «Калі стаіць пытаньне аб прыняцьці тых ці іншых законаў, мы ня бачым вострых абмеркаваньняў у парлямэнце, дэпутаты проста ўхваляюць праекты ўраду», — сказаў ён.

Акрамя гэтага, на ягоную думку, улады імкнуцца перашкодзіць стварэньню новых партыяў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG