Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыі Гайдукевіча далі зьніжку на арэнду памяшканьня. Большасьць іншых партый у краіне зьліквідавалі


Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

Праўладная Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі пад кіраўніцтвам былога міліцыянта Алега Гайдукевіча атрымала прэфэрэнцыі ад дзяржавы пры арэндзе памяшканьня.

Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі (ЛДПБ) і яе арганізацыйныя структуры атрымалі права на паніжальны каэфіцыент (0,1) да базавай стаўкі арэнднай платы за памяшканьні, якія знаходзяцца ва ўласнасьці дзяржавы і гаспадарчых таварыстваў, вынікае з пастановы Савету Міністраў № 642 ад 3 верасьня.

Дакумэнт, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, уносіць зьмены ў пастанову ўраду № 726 ад 24 кастрычніка 2023 году, у якой зьмяшчаецца пералік арганізацый, што маюць аналягічнае права арэнды са зьніжкай. Каэфіцыент 0,1 распаўсюджваецца на плошчы, якія арандуюцца Беларускім інавацыйным фондам, «Белкнігай», «Белсаюздрукам», шэрагам рэлігійных супольнасьцяў; 0,15 — хрысьціянскай дабрачыннай арганізацыяй «Табея»; 0,2 — дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту.

ЛДПБ — адзіная палітычная партыя, якой дадзена адпаведнае права арэнды са зьніжкай.

Лібэральна-дэмакратычная партыя — адна з чатырох палітычных структур, якіх рэжым Лукашэнкі пакінуў у краіне. ЛДПБ, як і партыя «Белая Русь», Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці, цалкам ляяльная дзейным уладам. Яе кіраўнік Алег Гайдукевіч заяўляў, што партыя гатовая быць апанэнтам «Белай Русі», але не Лукашэнку.

Гайдукевіч удзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году, але зьняўся з выбараў на карысьць Аляксандра Лукашэнкі. Палітык знаходзіцца пад пэрсанальнымі санкцыямі краін Эўразьвязу, Велікай Брытаніі, ЗША, Канады, Швайцарыі ды іншых дзяржаў, нагадвае «Позірк».

11 ліпеня 2021 году Гайдукевіч паведаміў у сацыяльных сетках, што ў ягоны дом кінулі бутэлькі з запальнай сумесьсю. Ніхто тады не пацярпеў. 13 ліпеня КДБ заявіў пра завядзеньне крымінальнай справы паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага арт. 289 КК (акт тэрарызму).

21 чэрвеня 2023 году Менскі гарадзкі суд (судзьдзя Сяргей Хрыпач) вынес вырак у справе аб падпале дому Гайдукевіча ў дачыненьні 18 чалавек. Яны атрымалі тэрміны ад 2 да 25 гадоў.

Ліквідацыя палітычных партый у Беларусі

  • У канцы 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і зьнешняй палітыкі». У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які ўзмацніў жорсткасьць патрабаваньняў да палітычных сілаў і абавязаў усе партыі, якія існуюць, прайсьці працэдуру перарэгістрацыі. Гэта быў адказ на масавыя пратэсты 2020 году.
  • Пасьля гэтага ўлетку і на пачатку восені 2023 году ў Беларусі зьліквідавалі 9 апазыцыйных, праўладных і палітычна неактыўных палітычных структураў: Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю — БНФ, Беларускую патрыятычную партыю, Беларускую партыю «Зялёныя», партыю «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Рэспубліканскую партыю, Сацыяльную партыю народнай згоды, Партыю БНФ, Аб’яднаную грамадзянскую партыю, Беларускую сацыяльна-спартовую партыю.
  • Пазьней працэс самаліквідацыі пачала Беларуская аграрная партыя.
  • Неўзабаве рэгістрацыю скасавалі і для партыі апазыцыйных камуністаў «Справядлівы сьвет».
  • Перарэгістравалі толькі праўладныя Камуністычную партыю Беларусі, Лібэральна-дэмакратычную партыю (ЛДПБ), Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці. Зарэгістравалі максымальна ляяльную Лукашэнку партыю «Белая Русь», якая раней была рэспубліканскім аб'яднаньнем.
  • У пачатку верасьня 2024 году ЛДПБ на чале з Алегам Гайдукевічам далі зьніжку на арэнду памяшканьня. Партыя стала адзінай у Беларусі палітычнай структурай, каму зрабілі зьніжку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG