Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пракамэнтаваў выбары ў ЗША і расказаў, каму з кандыдатаў аддае перавагу


Дональд Трамп і Аляксандар Лукашэнка, каляж
Дональд Трамп і Аляксандар Лукашэнка, каляж

Аляксандар Лукашэнка 22 кастрычніка ў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай пракамэнтаваў выбары ў ЗША і заявіў, што зьяўляецца «прыхільнікам кампаніі Трампа».

Агулам выбары ў ЗША Лукашэнка ацаніў як «жудасныя і неразумныя». На пытаньне, за каго ён аддаў бы свой голас на выбарах у ЗША, якія пройдуць 5 лістапада, Лукашэнка выказаўся ў падтрымку кандыдата ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа.

«Скажу шчыра, чаму я прыхільнік кампаніі Трампа. Я ведаю, што будзе, калі застанецца Гарыс.

Прыйдзе Трамп... Ну, я мяркую, што асабліва нічога добрага, але ўсё ж нейкая надзея ёсьць. Прыйдзе новы чалавек — нешта, магчыма, будзе новае. Прынамсі, нагаварыў жа шмат», — заявіў Лукашэнка.

Разам з тым, камэнтуючы перадвыбарчыя заявы Трампа, Лукашэнка паставіў пад сумнеў ягоныя словы пра тое, што ён можа хутка скончыць вайну ва Ўкраіне.

«Мне не падабаецца ягоная тэза заканчэньня вайны з Украінай: „Я гэта зраблю!“ Адкрыю сакрэт, я неяк жартам спытаў Пуціна: „Раскажы мне, як Трамп цябе прымусіць скончыць вайну? Што, прыйдзе, тупне нагой і скажа: „Ты давай заканчвай!“ І ты пабег, скончыш?“», — заявіў Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка выказаўся пра пэрспэктывы міру ва Ўкраіне, заявіўшы, што краіны Захаду маглі б спыніць вайну, перастаўшы падтрымліваць Украіну, але яны «не жадаюць страціць твар».

«Памятаеце, мы раней казалі, што мір будзе тады, калі захочуць англасаксы або захоча Амэрыка з тымі натаўцамі, якія Ўкраіну падтрымліваюць. Сёньня ўжо не зусім так. Гэтыя разумеюць, што ўсё — крах. Упёрся Зяленскі. Ціснуць залішне яны на Зяленскага ня могуць. Мы заўсёды кажам: ну што тут ціснуць — зброю не давайце грошы і іншае. А гэта іх твар. Захад ня можа страціць твар — ня даць зброю, ня даць грошы. Пасьля ўцёкаў з Аўганістану гэта ўжо будзе канец, ім ужо ніхто верыць ня будзе», — заявіў Лукашэнка.

Галоўнай навіной сёньняшняга інтэрвію Скабеевай стала заява Лукашэнкі аб удзеле ў прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году, якія прызначылі на 26 студзеня 2025 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG